Новая перспектыва – новае жыццё

Вёска Бабічы Нісімкавіцкага сельсавета знешне нічым не адрозніваецца ад іншых. Некалі ў ёй віравала жыццё, пяцьсот чалавек запаўнялі хаты, большасць хадзілі на працу ў сельгаспрадпрыемства, школу і дзіцячы сад. Зараз пакрыху распадаецца інфраструктура, моладзь раз’язджаецца, старажылы паміраюць. Але ёсць за што трымацца вяскоўцам – непадробная культурна-гістарычная спадчына. За яе захаванне змагаюцца ў мясцовым Цэнтры народнага танца, музыкі і песні. На яго базе ўжо некалькі год дзейнічае музей. А сёлета пад кіраўніцтвам раённага Дома культуры быў распрацаваны праект «Цэнтр ткацтва: захоўваем культуру разам». На Чачэршчыне ён адзін з двух, якія атрымалі падтрымку ААН у конкурсе мясцовых ініцыятыў. З пачатку 2016-га на рэалізацыю праекта будуць вылучаны 18 тысяч даляраў, здзейсніць задамунае трэба за паўгода.

ЦТиВ (Бабичи)-Б (2)З чаго ўсё пачыналася
– Год дзевяць назад была пастаўлена задача стварыць у тады яшчэ сельскім клубе музей беларускай хаткі, – успамінае дырэктар Цэнтра народнага танца, музыкі і песні Людміла Міхалкоўская. – Аднавяскоўцы з захапленнем уключыліся ў гэту работу, многія з задавальненнем дзяліліся ўласнымі вырабамі і прыладамі. Тады акцэнтавалася ўвага на сялянскім побыце, але ідэя звярнуцца менавіта да тэматыкі ткацтва была даўно. І толькі зараз з’явілася магчымасць здзейсніць задуму.
У Цэнтры ткацтва будуць прадстаўлены экспанаты не толькі сялянскага побыту, асноўная ўвага надаецца гісторыі ткацтва, вырабам мясцовых ткачоў і вышывальшчыц. Гэта работа праводзіцца і дзеля таго, каб захаваць асаблівы бранны чын ткацтва, характэрны для вёскі Бабічы. Такім чынам, супрацоўнікі Цэнтра змогуць паказаць наведвальнікам усе этапы апрацоўкі ільну. А сапраўдным упрыгожваннем стануць ручнікі, пакрывалы, кашулі, дарожкі і палавікі ручной работы. Дапоўняць карціну хатнія прылады. Да прыкладу, ступу, таўкач, маслабойню, калодкі для пашыву абутку, сталярныя прыналежнасці і нават драўляны міні-млын ужо падарыў жыхар пасёлка Новазахарполле Мікалай Гарбачоў. Сярод бабічан найбольш актыўна ўключыліся ў работу па збору матэрыялаў Агаф’я Казіначыкава, Таццяна Селюкова, Наталля Турмасава, безумоўна, Людміла Міхалкоўская і іншыя. Папаўненне экспанатаў будзе і далей актыўна працягвацца ў рамках праекта.

ЦТиВ (Бабичи)-А (5)Пры ўваходзе будзе гасцёўня
Музейны пакой – справа для раёна не новая. Амаль у кожнай больш-менш значнай па памеры вёсцы ёсць куточак, дзе сабраны найбольш цікавыя элементы гісторыі і культуры населенага пункта. Але ў бабічан узнікла магчымасць выйсці за рамкі звыклай мадэлі, здзейсніць арыгінальную задуму.
У Бабічах некалі займаліся ткацтвам, асаблівы ўзор на вырабах і своеасаблівы падбор матэрыялу прыцягваюць увагу і сучаснага пакалення. На выставе «Экспрэс ААН – 70», прысвечанай 70-годдзю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у Гомеле было шэсць выстаў народнай творчасці, тры з іх прадставіла Чачэршчына. Новенькія тканыя ручнікі вывешвалі прадстаўнікі суседняга раёна, але, да прыкладу, японская дэлегацыя звярнулася менавіта да бабічан з просьбай купіць іх вырабы. Безумоўна, бясцэнныя экспанаты не прадаюцца, але ёсць магчымаць аднавіць вытворчасць арыгінальных прадметаў культурнай спадчыны. Менавіта гэта стала галоўнай ідэяй праекта «Цэнтр ткацтва: захоўваем культуру разам». З новага года пачнуцца работы. На вылучаныя грошы неабходна таксама купіць два ткацкія станкі. У планах праводзіць на іх майстар-класы. Не адмаўляюць аўтары і каардынатары праекта эканамічны складальнік – ткаць ручнікі на продаж. Гэта б нават дазволіла адкрыць некалькі працоўных месцаў. Але не будзем загадваць далёка наперад, раскажам пра бліжэйшую перспектыву. Так, на чэрвень наступнага года запланавана правядзенне ў вёсцы фестывалю «Ручніковыя плыні» і афіцыйнае адкрыццё Цэнтра ткацтва. Пра яго знешні выгляд казаць пакуль рана, але вядома, што не абыйдзецца ўстанова без гасцёўні. І назву ёй прыдумалі гаворачую «Бабуліны пачастункі». Такім чынам, стварэнне на базе Цэнтра ткацкай майстэрні, беларускай хаткі, а таксама гасцёўні будзе спрыяць развіццю і згуртаванню мясцовай супольнасці, устанаўленню цесных сувязей паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика