Чачэрскія равеснікі Перамогі

На вуліцы, якая названа ў гонар героя Савецкага Саюза, адважнага мясцовага стралка Мікалая Байкова, у Покаці жывуць муж і жонка Нікіценкі.
«Нарадзілася тут, – расказвае сёлетняя юбілярша Марыя Іванаўна. – Бацька яшчэ пасля фінскай вайны застаўся інвалідам, працаваць не мог. Маці хадзіла ў калгас, а ён варыў бульбу на комінку, заплятаў нам косы»… У сям’і гадавалі пецярых дзяцей. Ці трэба казаць, што ў бацькоў не было магчымасці іх песціць. Вядома, ад рабят чакалі дапамогі. Браты і сёстры вазілі дровы, дралі лазу, з палатнянымі сумкамі бегалі вучыцца. У 1958 годзе пабудавалі двухпавярховую школу, дзе дзяўчына скончыла девяць класаў.
Калі старшыня калгаса Іосіф Осіпаў прапанаваў працаваць на ферме, Марыя няўпэўнена згадзілася. Спачатку была падменная, а потым Гаўрылавіч сказаў: «Прымай групу!». Маладая даярка не ведала, як справіцца: пасля дойкі 50 кароў рукі распухалі, нібы калодкі. Аднак не ў вясковым характары, узяўшыся за справу, адступаць. Добра гэта ці дрэнна, але жанчына была верная прафесіі 20 гадоў, дабівалася перадавых паказчыкаў, прызнана ўдарніцай камуністычнай працы. Цана кожнай тоны надоенага малака – згубленае здароўе ды памятнае пасведчанне трыццацігадовай даўнасці. Тады больш людзі думалі пра агульнае, дзяржаўнае, чым пра нейкія прывілеі ці ўласную выгоду.
У блакітныя вочы прывабнай даяркі закахаўся лепшы мясцовы трактарыст Міхаіл. Ён таксама можа ганарыцца шэрагам дасягненняў на карысць роднай зямлі, мае узнагароды за працоўную адзнаку, быў пераможцам сацспаборніцтваў. Іх камсамольскае вяселле надоўга запомнілі не толькі сваякі і аднавяскоўцы. У сямейным архіве больш за 50 гадоў захоўваецца матэрыял раённай газеты «Трыбуна камунізму», прысвечаны ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу. Віншавалі маладых сакратар камсамольскага камітэта Карасевіч, загадчык райаддзела культуры Ніканораў і іншыя. Амаль усе пажаданні згоды і дабрабыту збыліся. Выраслі паслухмяныя дзеці, на стале заўсёды ёсць хлеб і шкварка, толькі калгас імя Кірава, які збіраліся вывесці ў лік перадавых, наадварот перастаў існаваць. Адышлі ў гісторыю напружаныя дні і традыцыйныя святы. А якія былі гулянні пад гармонікі Васіля Нішчукова ды Аляксея Вярбовікава! Польку, кракавяк, падыспанца, яміцкую скакалі – аж спіна мокрая!
Але жыццё працягваецца. Насельніцтва ў Покаці больш пенсійнага ўзросту. На вуліцы асабліва пахмурным восеньскім днём нікога і не сустрэнеш. Калі сабраны ўраджай, дагледжана хатняя гаспадарка, высушаны ў печы гарбузовыя семкі, Марыя Іванаўна ўключае телеканал АНТ. За герояў любімай перадачы «Давай поженимся!» перажывае, як за сваіх, спрабуе на адлегласці параіць нявестам, які жаніх будзе добрым мужам. З вышыні жыццёвай мудрасці адразу відаць характар і намер кожнага чалавека. А так хочацца, каб ствараліся шчаслівыя сем’і, нараджаліся дзеці, расло наступнае пакаленне.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.IMG_6944

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика