Адбыўся візіт дэлегацыі Чачэршчыны на Украіну

Як непрыкметна пралятае час! Нядаўна з афіцыйнай паездкі ў горад-пабрацім Кулікоўку суседняй Украіны вярнулася чачэрская дэлегацыя, і гэта быў дваццаць пяты візіт да ўкраінскіх сяброў. Пра тое, як віталі чачаран на Чарнігаўшчыне падчас святкавання Дня незалежнасці краіны, расказвае намеснік старшыні райвыканкама Пётр НЕСЦЯРОВІЧ:
Сапраўды, гады неверагодна хуткаплынныя. Здаецца, толькі-толькі падпісалі сяброўскае пагадненне, а ўжо мінула два з паловай дзясятка. За гэты перыяд аблічча гарадскога пасёлка значна змянілася, але больш за ўсё адбылося пераўтварэнняў у сферы культуры, адукацыі і асабліва ў развіцці бізнесу кулікоўцаў. Нягледзячы на цяжкія палітычныя ўмовы, тут назіраюцца значныя зрухі ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (аднаўляецца аграрная тэхніка, прыцягваюцца інвестыцыі, укараняюцца новыя тэхналогіі), прагрэсіруе фермерская дзейнасць, садаводства – на стол падавалі вінаград з уласных плантацый. Прыемна было даведацца, што ў нашых сяброў захаваліся і набіраюць тэмпы валаўтваральныя прадпрыемствы малочнай і мясной накіраванасці, напрыклад, ПАТ «Кулікоўскае малако», СФГ «Колас». Карыстаюцца попытам рыбныя тавары, якія пасля мясцовай перапрацоўкі пастаўшчыкі дастаўляюць на прылаўкі крам, і ўласна вырабленая мэбля. На ўзроўні ва ўкраінцаў засталася прапаганда і захаванне традыцыйных абрадаў, звычаяў, папулярызацыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: на выстаўцы дэманстраваліся арыгінальныя вышытыя крыжам вырабы. Не губляюцца і шматгадовыя сувязі з замежнымі партнёрамі, на сустрэчы прысутнічалі госці з эстонскага горада-пабраціма Пылва, з якім і на Чачэршчыне наладжваюцца добрыя адносіны – у наступным годзе мы запрашаем дэлегацыю з Эстоніі да сябе.
Канешне, свята адбылося не з тым размахам, як гэта было раней, і вядома чаму. Але адчувалася, што тут імкнуцца да будучыні і будуюць пэўныя планы. За круглым сталом з удзелам прадстаўнікоў памежных раённых цэнтраў прагучалі прапановы наконт далейшага культурнага супрацоўніцтва, напрыклад, сумесная работа па арганізацыі маладзёжных аб’яднанняў для студэнтаў і школьнікаў на ўзроўні ўстаноў адукацыі. І, канешне ж, абавязковыя абменныя канцэрты, а таксама правядзенне іншых мерапрыемстваў і турыстычных экскурсаў.
На развітанне сябры паціснулі адзін аднаму рукі, абмяняліся сувенірамі, у адказ на славянскую гасціннасць народны ансамбль народнай песні і музыкі «Чачэрскі гармонік» паланіў украінскую публіку шквальным запалам добрага настрою і яскравай канцэртнай праграмай. А паэт Леанід Павознік падзяліўся з Пятром Несцяровічам зборнікам сваіх вершаў «Лелечий край», дзе апявае і непаўторныя краявіды Украіны, і дурман бэзу, і цішыню летняга вечара, і салодкае віно кахання.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
Фота С.Мельнікава.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика