Дваццаць шэсць гадоў на сцэне загадчыца Нісімкавіцкага цэнтральнага сельскага Дома культуры Чачэрскага раёна

Гулевич ТамДваццаць шэсць гадоў на сцэне, з народам, за кулісамі, у карагодзе, на масавых фэстах і святах дзяржаўнага календара загадчыца Нісімкавіцкага цэнтральнага сельскага Дома культуры Тамара Уладзіміраўна Гулевіч.

На гэту пасаду яна заступіла ў 1989 годзе, прайшла завочнае навучанне ў магілёўскім музычным вучылішчы і назаўсёды звязала лёс з галіной культуры. Пачынаючы сваё «ўліванне» ў прафесію, дзень за днём спасцігала методыку работы і ўсё мацней прывязвалася да абранай спецыяльнасці. З мэтай развіцця музычна-песеннай творчасці і захавання традыцыйнай спадчыны ёй быў створаны фальклорны гурт «Нісімкавічы–Гацкое», які затым у 1993 годзе абараніў званне «народны».Адметнай рысай калектыву з’яўляецца тое, што ў яго рэпертуары шмат рэкруцкіх ісямейна-бытавых песень, элементаў культавай абраднасці, магічных загавораў і іншых  састаўляючых этнаграфіі. Мясцовыя мелодыі, бацькоўскія звычаі, танцавальныя кампазіцыі свайго рэгіёну трапятліва зберагаюць носьбіты беларускай аўтэнтыкі. З мэтай перадачы культурных каштоўнасцей нашчадкам пры ЦСДК былі арганізаваны вячоркі. Трэба сказаць, што ў ходзе іх правядзення на шматлікіх святах заўсёды дэманстраваліся вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці вяскоўцаў. Важнае месца сярод вышывак займаюць работы Тамары Уладзіміраўны: майстрыца на ўсе рукі не толькі добра спявае сола, але і ўмее «прыкласці руку» да стварэння шэдэўраў народнага мастацтва.

Год за годам міналі працоўныя будні, у мітусні і штодзённым клопаце праходзіла і яе жыццё. Жанчыне споўнілася 55, а ўсё не верыцца – душа не паддаецца ўзросту, вочы такія ж маладыя і светлыя, дабрыня і гасціннасць невычэрпныя. Каб толькі яшчэ крыху здароўя! Аднак і ў цяжкія для яе хвіліны знаходзіцца цёплае слова сябрам, пяшчота родным, падзяка калегам, без падтрымкі якіх Тамары Уладзіміраўне не абысціся. Заўжды побач, па першай просьбе прыйдуць і станьчаць, праспяваюць, развернуць мяхі гармоніка, павесяляць народ і правядуць любое мерапрыемства на вышэйшым узроўні такія надзейныя таварышы, як Таццяна Назарава, Пётр Біжуноў, Аляксей Маркоўскі, Святлана Кірэева і іншыя. А колькі азарту і ўнутранага запалу ў артыстаў імпрэзнага і каларытнага калектыву «Весялуха»! Усе яны – адна сям’я, бо разам праводзяць святы, скажуць мудрае слова ў хвіліны скрухі і няшчасця. І на ўрачыстую вечарыну імянінніцы сабраліся ўсе дружна, каб выказаць свае станоўчыя адносіны і пачцівасць юбілярцы ды падтрымаць цяпло непагаснага агеньчыка яе шчодрай душы.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика