ВЕДАЦЬ СВАЕ КАРАНІ…

IMG_0256У канцы ХІХ стагоддзя ў Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі некалі ўзяла пачатак вёска Курганне. Зараз яна знаходзіцца на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна.
Па меркаванні спецыялістаў, непадалёк ад населенага пункта яшчэ задоўга да яго ўзнікнення, на беразе рэчкі размяшчалася паселішча ні то роду радзімічаў, ні то дрыгавічоў. За ваколіцай вёскі на плошчы 10 гектараў да 1980 года ўзвышаліся курганы памерлых прадстаўнікоў гэтых плямёнаў сярэдзіны ХІ стагоддзя. Пакуль існаваў панскі сад, насыпы ніхто не чапаў, а калі дрэвы вырубілі і пачалі ўводзіць зямлю ў севазварот, курганы пайшлі пад бульдозер (магчыма, частка знішчана чорнымі капальнікамі). Сёння тут налічваецца шэсць вялікіх і некалькі мелкіх. На адным з іх больш за два тыдні вяла археалагічныя раскопкі навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ганна Цімафеенка. Жанчыне пашчасціла – на дванаццаты дзень штыкавая рыдлёўка і кірка натыкнуліся на рэшткі цела дзіцяці, прыблізна дзяўчынкі чатырох-пяці гадоў ростам больш за метр. Нябожчыца, як мяркуе Ганна Рыгораўна, была прыбрана ва ўбор нявесты, бо тады існаваў менавіта такі звычай. Да таго ж на дзяўчынцы знайшлі каралі, вясельныя скроневыя падвескі. Пальцы памерлай упрыгожвалі некалі кольцы, якіх давялося адкапаць з пяску дзевяць штук. Усё гэта сведчыць пра вялікую любоў бацькоў.
Пярсцёнкі выраблены з бронзы, астатнія рэчы са шкла і свінцова-алавянага сплаву і ніякай каштоўнасці, акрамя археалагічнай, не маюць, – расказвае навуковы супрацоўнік. – Устанавіць этнічную прыналежнасць дзіцяці можна толькі пасля спецыяльна праведзенай экспертызы. Першапачаткова можна сказаць, што яна з дрыгавічоў, таму што пацеркі маюць буйнакрупчастую форму. Але трапіць да сваёй уладаркі маглі і ў ходзе абмену. Таму сказаць адназначна, племя якога паходжання стаяла на сучаснай мяжы Чачэрскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў немагчыма.
Вялікі курган аб’ёмам 196 квадратных метраў пералапаціць археолагу дапамагалі работнікі Батвінаўскай школы, узначальваў групу валанцёраў настаўнік Сяргей Іванчанка. З раніцы і да цемры ішла работа. Да працэсу падключыліся і школьнікі, але іх мала прываблівала тое, што ляжала ў паўтара метрах пад слоем грунту. Найбольшую зацікаўленасць у гэтай справе праявілі самі дарослыя, лічылі неабходным даведацца пра кожную дробязь, якая звязана з гістарычным мінулым. Бо мы ж усе родам адтуль, з крывічоў і радзімічаў, і нашы продкі вось яны, спяць у курганах і моўчкі назіраюць за намі з нябёсаў, нема захоўваюць таямніцы свайго этнагенэза і славянскага паходжання.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика