ЧАЧАРАНЕ СПРАБАВАЛІ РЫБАЦКАГА ШЧАСЦЯ
Гарачымі і хвалюючымі выдаліся мінулыя выхадныя для прыхільнікаў рыбнай лоўлі, якія на працягу некалькіх гадзін выпрабоўвалі фартуну на беразе Сожа, закідваючы вуды падчас правядзення адкрытага раённага конкурсу «Рыбачок-2015».
Сярод аматараў адпачынку на свежым паветры паспрабаваць свайго шчасця выклікаліся сем каманд агульнай колькасцю 25 удзельнікаў. Разам з рыбаловамі інтрыгуючыя моманты перажывалі і тыя, хто прыйшоў на спаборніцтва ў якасці групы падтрымкі. Памерацца ўловам з мужчынамі былі не супраць і дзве прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Адна з якіх, дарэчы, адзначылася ў намінацыі «Самая маленькая рыбіна», што «раздаваліся» ў індывідуальным заліку. І хай сабе «трафей» Алены Казловай, супрацоўніцы райЦГіЭ, аказаўся не самым вялікім, жанчына пацвердзіла, што прызначэнне, як прынята лічыць, слабой паловы не толькі ў захаванні дамашняй утульнасці, але ж яна не горшая за мужа здабытчыца. Самага першага воднага насельніка пашчасціла вылавіць Андрэю Каралёву, які рыбачыў за ПМК-118, а самая буйная асобіна трапіла на кручок Васіля Кудзінава з каманды чачэрскага аддзялення Дэпартамента аховы. Яму ж належыць і перамога ў намінацыі па максімальнай вазе рыбы, якая дасягнула 622 грамы. На другім месцы з крыху лягчэйшым уловам апынуўся сяргей Крыжнёў (ПМК-118), трэцяе дасталася Аляксандру Жытнёву (вінзавод).У агульнакамандным заліку першанства і кубак аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ўдалося заваяваць рыбаловам з аддзялення Дэпартамента аховы, другую пазіцыю занялі прадстаўнікі будаўнічай арганізацыі, замкнула тройку лідараў каманда вінаробчага завода. На памяць аб спаборніцтве пераможцам засталіся Дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і прызы, якія набывала Чачэрская раённая арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў».
Святлана ДЗІДКОЎСКАЯ.
