“ЧАЧЭРЦЫ” НА СЦЭНЕ ДВА ДЗЕСЯЦІГОДДЗІ
Прыхільнікі песеннай творчасці на мінулым тыдні радаваліся разам з удзельнікамі народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Чачэрцы» – калектыў адзначаў 20-годдзе з дня прысваення звання.
Першым кіраўніком «Чачэрцаў» з’яўляецца былы дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Зінаіда Яроменка. Арганізаваны ў 1992-м і атрымаўшы ў 1995 годзе званне «народны» гурт змяняў салістаў, акампаніятараў, але застаўся такім жа імпэтным і каларытным, пастаянна прымае ўдзел у раённых, абласных і міжнародных конкурсах, карыстаецца любоўю чачэрскага гледача. Амаль 10 гадоў на варце творчага іміджу калектыву стаіць Ірына Курдзюмава, акампануе артыстам яе бацька баяніст Аляксандр Курдзюмаў. Дзякуючы маладому запалу і бязмежнай закаханасці Ірыны ў песню рэпертуар пастаянна аднаўляецца, шліфуецца высокі выканаўчы прафесіяналізм, што і пацвердзіла чарговае ўшанаванне: народны ансамбль народнай песні і музыкі «Чачэрцы» ўзнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую працу, накіраваную на прапаганду музычна-культурнай дзейнасці. Намеснік старшыні райвыканкама Пётр Несцяровіч паціснуў рукі віноўнікам урачыстасці, пажадаў далейшага развіцця і раскрыцця таленту. Таксама Падзячнымі лістамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адзначаны ўсе ўдзельнікі. Віншавалі юбіляраў са святам іх калегі – народны ансамбль народнай песні і музыкі «Чачэрскі гармонік» і народны Залескі хор.
Поруч з гэтым на сцэне раённага Дома культуры адбыўся канцэрт у межах рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі «Мы, беларусы – мірныя людзі». У каторы раз зала апладыравала майстэрству салістаў Уладзіміра Курбацкага, Вольгі Івановай, Уладзіміра Пудава. Вельмі цёпла ўспрынялі чачаране гасцей з Кармы – народны калектыў «Спадчына».
