РУКАТВОРНАЕ МАЙСТЭРСТВА ЧАЧАРАН
Чачэрскія майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, разьбяры і вышывальшчыцы, аматары матчынага захаплення прынялі ўдзел у VІІ Рэспубліканскім фестывалі-ярмарцы «Вясновы букет».
Паказацца ў сталіцы з саламянымі вырабамі і работамі з бісера ездзілі спецыялісты цэнтра этнаграфіі, рамёстваў і фальклору Святлана Чвырова і Галіна Лімантава. Дэманстравалі талент здольных рук у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе малады спецыяліст дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Кандрацьева, а таксама Уладзімір Прудзівус, Святлана Латуціна і Крысціна Плістава. Чачэрскі раён быў у складзе пяці, якія прадстаўлялі на конкурсе Гомельскую вобласць. І хоць заваяваць прэстыжнае званне лепшых не атрымалася, бо давялося змагацца з даволі моцнымі народнымі ўмельцамі, аднак зараду майстэрскага духу і натхнення хопіць надоўга. Дадому чачаране вярнуліся з добрым настроем і багажом перанятага вопыту.
