Твае людзі, Чачэршчына!
Вясковае жыццё Марыі Ягораўны Маркавай з в.Балсуны не назавеш салодкім. Яна прайшла праз вайну, ва ўзросце 13 гадоў згубіла маці, потым памёр і бацька. Біяграфія, характэрная для людзей таго пакалення: холад, нястача, непасільная праца. Аднак нашы продкі не толькі «рвалі жылы», але і ўмелі радавацца рэдкім хвілінам шчасця.
Хоць і не песціў лёс жанчыну, песня была заўсёды яе верным спадарожнікам. Разам з іншымі ўдзельніцамі палескага хору яна выступала на шматлікіх канцэртах, ладзіла вясковыя гулянні, прымала ўдзел у беларускіх вячорках гомельскага і сталічнага тэлебачання, вадзіла карагоды і танчыла «гапака». У яе рэпертуары шмат матчыных вяснянак, шлюбных, рэкруцкіх і побытавых песень. Адну з іх 83-гадовая жыхарка праспявала і для работнікаў аддзела культуры, якія прыехалі павіншаваць імянінніцу з днём нараджэння, а таксама каб прыняць ад яе ў падарунак матчын стары ткацкі станок. Калісьці драўляныя кросны былі добрай падмогай для вяскоўцаў: посцілкі, рушнікі, палавікі і іншыя палатняныя вырабы меліся ў кожнай гаспадыні, іх бераглі і перадавалі па радаводу. Яшчэ і зараз хату пенсіянеркі аздабляюць тканыя рэчы, зробленыя пры святле газавай лямпы. Шмат тут і вышыванак – ужо ў дзевяць гадоў майстрыца навучылася трымаць іголку з ніткай, доўгімі зімовымі вечарамі выводзіла на тканіне мудрагелістыя ўзоры крыжыкам і гладдзю, вязала карункі. Упрыгожаныя яркімі каляровымі малюнкамі сурвэткі, навалочкі, набожнікі вылучаюць нейкую магічную сілу незямнога прыцягнення і святло. Частку бабуля Марыя плануе падараваць унукам, а пакуль што яны радуюць вока, ствараюць атмасферу свята і ўздымаюць настрой. Дый і сама Марыя Ягораўна, прыбіраючыся для фатаграфавання, на хвіліну скінула з плячэй гадкоў гэтак дзясятак, яе твар нават пасвятлеў, а вочы заблішчалі.
Працоўны шлях М.Я.Маркавай складае больш за 40 гадоў, калі ўлічваць работу яшчэ ў падлеткавым узросце. Жанчына пабудавала хату, выхавала сына, з-за якога начамі не спала, пакуль той праходзіў службу ў Афганістане, дачакалася трох унукаў і ўжо мае двух праўнукаў. Здаецца, жыццё прабегла адным днём. Дзе падзелася тая няўрымслівая гарачая маладзіца, якая і з плугам, і з сякерай, і з касой лепш за любога мужчыну справіцца? Пакідае здароўе, прабягаюць гады, толькі сэрца па-ранейшаму баліць за нашчадкаў, ды самой не верыцца, што сілы ўжо на зыходзе. Але скардзіцца грэх, бо ёй Бог даў век доўгі і людзей добрых, якія прыходзяць, каб выказаць павагу і пакланіцца таленту масцеравітых рук.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
