ШАНУЙЦЕ СПАДЧЫНУ ЧАЧЭРШЧЫНЫ

IMG_0284У мінулую суботу на базе раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі школьнікі навучальных устаноў Чачэршчыны разам з педагогамі прымалі ўдзел у раённым этапе абласнога конкурсу «Шануйце спадчыну сваю», дзе былі прадстаўлены элементы каляндарна-земляробчых святаў і абрадаў вясенне-летняга цыкла. Мерапрыемства праводзіцца з мэтай падтрымаць беларускую народную творчасць, захаваць рэгіянальныя і мясцовыя традыцыі мастацкай культуры, пераемнасць нацыянальных традыцый, далучыць дзяцей і моладзь да розных відаў фальклору, а таксама павысіць мастацкі ўзровень выканаўчага майстэрства дзіцячых фальклорных калектываў.
Першымі на сцэну выйшлі канкурсанты матнявіцкага яслі-садка – базавай школы, якія праз выступленне звярнуліся да святкавання беларусамі Юр’я, звязанага ў народзе з сельскагаспадарчай працай, так як Юрый лічыўся апекуном жывёлы і земляробства. У гэты дзень звычайна хатнюю жывёлу выганялі ў поле. У адрозненні ад хрысціянскіх традыцый, у народзе на гэта свята прыпадала мноства прыкмет і абрадаў, якіх абавязкова прытрымліваліся. Некаторыя былі прадстаўлены ўдзельнікамі праз народныя песні, танцы і гульні.
Асноўныя асаблівасці святкавання Троіцы як сімвала аднаўлення жыцця на зямлі прадэманстравалі навучэнцы з меркулавіцкай установы адукацыі, узгадаўшыя мясцовыя адметнасці абраду «Ваджэнне куста па-меркулавіцку» падчас так званых «зялёных святкаў». Выканаўцы даволі яскрава прадставілі народныя асаблівасці Сёмухі, перадаўшы іх не толькі праз гульнёвую і песенную дзейнасць, але ж дадалі беларускага каларыту, звярнуўшыся да сімволікі нацыянальных атрыбутаў ад адзення да керамічных гаршчочкаў, зеляніны і зерня.
Халодная зіма заўсёды была для людзей своеасаблівым выпрабаваннем. Таму надыход вясны з’яўляўся вельмі радаснай падзеяй, якую абавязкова трэба было адзначыць. Каб дапамагчы вясне прагнаць халодную пару года, беларусы ладзілі вясёлыя гулянні на Масленіцу, дзе асаблівая ўвага надавалася рытуалу прыцягнення сонца, цяпла, сімвалам якога з’яўляюцца бліны. Менавіта гэта свята «адзначалі» на сцэне РЦТДіМ вучні сярэдняй школы №1 г.Чачэрска. Пад песні, скокі і жарты канкурсанты «ўмаслівалі» доўгачаканую прыгажуню-вясну, загадвалі тэматычныя загадкі, прыгадвалі народныя прыказкі і прымаўкі.
Па ацэнках журы, лепшымі былі навучэнцы СШ№1, другое месца суддзі аддалі калектыву ДУА «Меркулавіцкая сярэдняя школа», трэцяя пазіцыя за вучнямі матнявіцкага яслі-садка – базавай школы. Пераможцаў чакае ўдзел у абласным этапе конкурсу.
Святлана ДЗІДКОЎСКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика