АГУЛЬНЫ ПОСПЕХ ПАДЗЕЛЕНЫ НА ЎСІХ

IMG_4622Свята ў кожнай асобнай хаце – вялікая радасць для гаспадароў і гасцей. Але ж у колькі разоў павялічваецца задавальненне,
калі ўвага надаецца ўсяму раёну! Выраз «злёт перадавікоў» ужо даўно стаў крылатым,
менавіта ён найбольш яскрава адлюстроўвае сутнасць штогадовага сходу лідараў народнай гаспадаркі
і ўстаноў сацыяльна-культурнага кірунку Чачэршчыны.
Мерапрыемства было прызначана на 15 гадзін у мінулую пятніцу, але, здаецца, пачалося адразу пасля выхаду ў свет нумара раённай газеты, дзе былі адзначаны лепшыя працаўнікі, установы, прадпрыемствы і арганізацыі…
Пераступіўшы парог Дома культуры, адразу трапілі ў асобную краіну, было прыемна і цікава, хоць адчувалася лёгкая мітусня. А як жа без яе! Гэта амаль галоўнае свята Чачэршчыны. Прадстаўнікоў «Дошкі гонару» перад уваходам у канцэртную залу прыбіралі ў святочную чырвоную стужку, арганізатары тлумачылі, дзе размясціцца, а позірк спыняўся на яркай выставе. Вока адразу чапляла галоўныя сімвалы розных перыядаў і кірункаў працоўнага года. Найбольш важныя, безумоўна, каравай і ўсё, што з ім звязана. Далей – іншыя заслугі і дасягненні, за якімі стаяць працавітыя і паважаныя людзі.
З кожнай хвілінай канцэртная зала напаўняецца людзьмі. Хвалююцца ўсе: ад старшыні райвыканкама да гардыробшчыц. Стрэлкі гадзіннікаў пачынаюць свой рух у накірунку чатырох гадзін, і тут артысты разбаўляюць атмасферу напружання і чакання спевамі. Затым – сімвалічная перадача «Кнігі пакаленняў». На змену абвешчанаму ў раёне Году земляка прыйшоў агульнадзяржаўны Год моладзі. Таму старэйшае пакаленне, якое прадстаўляла таленавітая паэтэса, загадчык аддзела культуры і спорту рэдакцыі газеты «Чачэрскі веснік» Валянціна Пранкевіч, перадае гэты своеасаблівы падручнік моладзі. Затым у сваім дакладзе глава раёна Уладзімір Краўчанка расказаў пра сумесныя дасягненні ў мінулым годзе і значныя падзеі. А іх, прызнацца, у 2014-м было нямала. Гэта і юбілейныя даты, і візіт Прэзідэнта краіны А.Лукашэнкі ў раён, і рэкордны ўраджай, і многае іншае.
Схема такога мерапрыемства ўжо даўно ўсталявалася. Падчас свята імкнуцца не абысці ўвагай ніводнага перадавіка. Гэта, безумоўна, патрабуе шмат часу і неймаверных намаганняў арганізатараў. Яны робяць усё магчымае, каб гасцям і ўдзельнікам урачыстасцяў было максімальна ўтульна, і, хоць здараліся невялікія затрымкі, агульнаму пазітыўнаму настрою не перашкаджалі маленькія недахопы. Хочацца выказаць асаблівую павагу ўсім, хто быў задзейнічаны ў арганізацыі гэтай маштабнай дзеі.
І вось яны, лепшыя з лепшых, прайшлі праз сцэну, грамадства павінна ведаць сваіх герояў. Атрыманы каштоўныя падарункі, грашовыя прэміі, дыпломы, а галоўнае, выказаны павага і падзяка за намаганні. Вось спускаецца са сцэны апошняя калона перадавікоў, сціхаюць апладысменты, і зноў гучыць музыка. Цудоўны канцэрт падаравалі артысты Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага. Яны ж выступалі і ў перапынках паміж узнагароджваннем.
Тры гадзіны цягнуўся сход. «Здавалася, нічога не рабілі, а так стаміліся, быццам дзень адпрацавалі», – пачулася ў натоўпе. І сапраўды, выконваць ролю фотакора таксама было цяжка, але толькі дабегла да дому – і стома адразу знікла. Напэўна, яе перапрацавала тая пазітыўная энергія, якой набралася на мерапрыемстве. Хочацца верыць, што ўсе госці адчулі не толькі стому, але і прыемнае пачуццё выкананага абавязку, напоўніліся запалам на бягучы год. Свята скончана, а праца працягваецца. Нашы сілы і намаганні патрэбны, каб зрабіць дасягненні яшчэ больш вартымі, наш край – яшчэ больш прыгожым, а ўласныя сэрцы – яшчэ больш шчырымі і адкрытымі.
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика