ПРАДАЎЖАЛЬНІКІ ЧАЧЭРСКІХ СЯМЕЙНЫХ ТРАДЫЦЫЙ

PENTACON DIGITAL CAMERAДынастыю Батурыных у раёне добра ведаюць калегі, аднавяскоўцы і падпісчыкі раённай газеты, бо пра годныя шляхі ветэрана працы Надзеі Мікалаеўны не так даўно гаварылася на старонках «Чачэрскага весніка». А на днях нашы землякі сталі ўдзельнікамі ІІІ Рэспубліканскага злёту педагагічных дынастый у адпаведнасці з планам работы абласнога камітэта галіновага прафсаюза.
На прадстаўленне прадаў-жальнікаў бацькоўскіх прафе-сійных традыцый адправіліся Надзея Мікалаеўна з мужам, настаўнікам Нісімкавіцкай і Сідаравіцкай школ Уладзімірам Пятровічам, дачкой Кацярынай, якая працуе ў пачатковых класах СШ №1, і нявесткай Вольгай з Гомеля. Чачэрскія педагогі выступалі са сцэны ў складзе 16 дэлегацый з іншых раёнаў і ўстаноў вышэйшай і сярэдне-спецыяльнай адукацыі Гомельшчыны і расказвалі пра станаўленне сваёй дынастыі. Цікава, што настаўніцкі род сям’і бярэ пачатак з другой паловы ХІХ стагоддзя, роданачальнікам якога стаў Мітрафан Сямёнавіч Радзькоў. Затым дрэва майстроў-прадметнікаў пачало разрастацца, умацоўваючы і крону, і корань. Толькі Надзея Мікалаеўна 39 гадоў аддала працы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, затым 10 узначальвала родную школу ў Нісімкавічах. А яе муж, нязменны фізік і трудавік, ва ўзросце 65 гадоў усё яшчэ працягвае выкладаць урокі дзецям.
Трэба сказаць, што сярод астатніх педагагічных дынастый, прадстаўленых на злёце, Батурыны маюць самы працяглы агульны стаж працы – больш за тысячу гадоў, – са шчырым захапленнем расказвае старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Л.Блохава. – На змену адзін аднаму прыйшлі аж пяць пакаленняў! Акрамя блізкіх, ёсць у гэтай сям’і добры дзясятак настаўнікаў з ліку стрыечных сясцёр, пляменнікаў і іншых родзічаў. Батурыны – наш гонар, залаты запас педагогаў Чачэршчыны!
Самі ж члены дынастыі выношваюць надзею, што носьбітамі іх працоўнай славы і прадаўжальнікамі сямейных традыцый стануць унукі і праўнукі. Магчыма, пра поспехі будучых настаўнікаў і вартыя дасягненні іх выхаванцаў мы яшчэ пачуем і раскажам чытачам раённай газеты ў падрабязнасцях.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика