У ПАМЯЦІ ПАКАЛЕННЯЎ ПОДЗВІГ БАЦЬКОЎ

DSCN3746
Калі загрукаталі першыя выбухі снарадаў, на чачэрскую зямлю ступіў вораг і пачаліся масавыя расстрэлы мірнага насельніцтва, людзі ўзяліся за зброю.
Ужо восенню 1941 года засажэўскія лясы далі прытулак камуністам, актывістам камсамольскага руху, неабыякавым да лёсу краіны людзям, і тэрыторыя на тым баку Сожа ператварылася ў зону ўзброеннай барацьбы. Чачэрскі партызанскі атрад ствараўся паступова, людзі з асцярогай прыглядаліся адзін да аднаго, каб пазбегнуць здрадніцтва. Калі сюды прыйшлі пачынальнікі вайны ў тыле Фёдар Лапачоў і Мікалай Міхайлышаў, немцы яшчэ не ведалі ўсяго маштабу народнага супраціву. Паціху, крок за крокам, чалавек за чалавекам ствараўся моцны шчыт карычневай чуме. Першыя партызанскія зямлянкі з’явіліся непадалёку ад вёсак Асінаўка і Гута Асінаўская. Аднак фашысты маглі хутка вызначыць іх месцазнаходжанне, таму былы старшыня калгаса «Рашучы» Яфрэм Шамонін па клічцы Комал адвёў хлопцаў глыбей у лес, дзе і пачалося фарміраванне атрада. Колькасць абаронцаў узрастала, і калі ў палескія трушчобы прыйшла група Пятра Балыкова, гэта ўжо была самастойная арганізаваная сіла савецкіх абаронцаў, якая граміла гарнізоны ворага,  ліквідавала прамысловыя аб’екты, вяла падрыўныя работы, знішчала тэхніку, салдат фюрэра і фашысцкіх прыслужнікаў. Сярод тых, на каго вялі «паляванне» партызаны, быў былы заатэхнік бурмістр раёна Ганжын-Трыбуналаў – толькі ён адзін выдаў эсэсаўцам 50 камуністаў, 20 камсамольцаў і 30 савецкіх актывістаў, якіх потым часткова арыштавалі, а затым паставіў пад дула кулямёта яшчэ 80 акружэнцаў. Не без яго ўдзелу гітлераўцы ўстанавілі падушавы падатак – 160 рублёў у год на мужчын ва ўзросце ад 14 да 60 гадоў і на жанчын ад 14 да 50. З кожнай гаспадаркі спаганялася ад 50 да 80 рублёў страхавога збору. Нават за шчанюка неабходна было плаціць 20 рублёў, і на сабаку – 40. А галоўнае – бясследна прападалі людзі.
Дапамогу ў вызваленчай барацьбе беларускім партызанам аказвала і мясцовае насельніцтва: жыхары здабывалі аператыўную інфармацыю, забяспечвалі атрады хлебам і адзеннем, хавалі па хатах параненых. Дастаўлялася ўсё неабходнае і паветраным шляхам з Вялікай зямлі, для чаго сярод густога бору быў абсталяваны ваенны аэрадром. Старажылы і зараз памятаюць, як з мяккага металу разбітага аэраплана вылівалі алюмініевыя лыжкі.
…Вайна даўно скончылася. Пра тыя мужныя дні толькі ў кніжках пішуць, ды тое-сёе раскажуць пакуль жывыя сведкі. Струхнеў і абваліўся помнік тым гераічным падзеям, які размешчаны на месцы непасрэдных баявых дзеянняў у в.Асінаўка, зараз ужо апусцелай і вымерлай. Аднак нездарма кажуць, што чалавечай удзячнасці няма мяжы, а подзвігу – кароткага часу. Карэнныя жыхары адселенай вёскі праяўляюць сыноўскі клопат, бо дзесьці тут, сярод пабітых асколкамі снарадаў беластволых бяроз і стромкіх соснаў, загінулі і іх родзічы. На днях М.П.Лагойкін з сынамі Уладзімірам, Віктарам і Аляксандрам, унукам Дзянісам, родзічам А.М.Васіленкам і пляменнікам Г.І.Салапонавым (які, дарэчы,  і арганізаваў гэту паездку) правялі каля свяшчэннага знака салдацкай доблесці рамонтныя работы: выразалі хмызняк, сабралі смецце, аднавілі кладку пастамента. Мужчыны ва ўзросце ад 24 да 85 гадоў, прадстаўнікі трох пакаленняў разам вярталі жыццё помніку перыяду Вялікай Айчыннай. Зараз сімвал патрыятызму савецкага салдата, усталяваны на былым ваенным аэрадроме, будзе ўзяты пад апеку дзяржавы.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика