ПЕЧ ЯК СІМВАЛ ДАБРАБЫТУ

кирпичная-печь-для-отопления1
Ёсць шмат рэчаў, без якіх не абыходзілася і не абыходзіцца ніводная хата. Заўсёды стаіць стол, ёсць канапа і шафа… Сёння дзе-нідзе можна пабачыць печ. І калі для сучаснага гаспадара яна выконвае выключна побытавую функцыю, то для нашых продкаў печ з’яўлялася цэнтрам хаты, не геаграфічным, канешне, – міфалагічным.
Часцей за ўсё печ знаходзілася з правага боку ад увахода. З ёй было звязана размяшчэнне покуці: звычайна чырвоны кут месціўся па дыяганалі. Ад хатняй беленай печы залежыла тое, наколькі цёпла будзе ўзімку, як смачна гаспадыня прыгатуе ежу і куды можна будзе схавацца дзіцяці ад раззлаванага бацькі. Адным словам, нефармальны сімвал дабрабыту.
Нашыя продкі печ атаясамлівалі з працягам жыцця, якое не павінна спыняцца так жа, як у печы зноў і зноў пачынае гарэць агонь. Калі гаспадыня закрывала заслону, абавязкова пакідала некалькі вугольчыкаў і засыпала іх попелам. Па-першае, такім чынам падтрымлівалі агонь, які на наступную раніцу зноў запальваўся. Па-другое, гэтая дзея сімвалізавала працяг і пераемнасці сямейнага жыцця. Лічылася, калі затухне вугольчык, у хату хутка завітае смерць. Аднак два разы на год агонь тушылі наўмысна: у дзень вясновага і восеньскага раўнадзенстваў. Вясной хатнія агеньчыкі выносілі на лета на двор, а восенню, наадварот, заносілі і клалі ў печ, каб перажыць чарговую зіму.
Менавіта печ лічылася пасярэднікам паміж светам жывых і памерлымі. На думку беларусаў, праз яе на Дзяды ў хату заходзілі душы продкаў, каб паглядзець, чым жыве пакінутая сям’я і пачаставацца загадзя падрыхтаванай вячэрай. Аднак былі і больш аптымістычныя прыклады. Калі ў час заручын у хату прыходзілі сваты, дзяўчына не злазіла з печы да таго часу, пакуль не дасць згоду на шлюб. Проста спусціцца на падлогу і азначала станоўчы адказ. У той жа печы палілі першыя абрэзаныя валасы дзіцёнка і зубы, калі прыходзіў час мяняцца молочным на карэнныя. На печы сушылі грыбы і ягады на зіму, калі былі моцныя маразы, спалі. Там жа любілі гуляць дзеці.
Вось так для беларусаў звычайная печ ператваралася ў цэнтр сямейнага жыцця, захавальніцу цяпла і сімвал хатняга дабрабыту.
Наталля РЭЧЫЦ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика