МАЛАТОК І АБЦУГІ

IMG_7080
Прафесія каваля ў недалёкім мінулым з’яўлялася паважанай і неабходнай. Да канца ХІХ стагоддзя ў кожным павеце Беларусі налічвалася да 50 вясковых майстроў гэтага саматужнага рамяства. У кузню, якая звычайна размяшчалася на краю сяла, людзі ішлі падкаваць каня, выкаваць серп ці матыку. І ў чароўнага мага агню і жалеза заўсёды быў сродак зарабіць на кавалак хлеба.
Для былога працаўніка колішняга калгаса «Сцяг камунізму» Сямёна Фёдаравіча Шаройкіна гадзіны, праведезеныя каля кавадла, былі яго работай на працягу 15 гадоў з агульнага працоўнага стажу 42 гады. За гэты час агонь стаў яму сябрам і таварышам, ён паслухмяна выконваў волю чалавека з молатам і абцугамі. У той час паслугі малатабойцы ішлі нарасхват: выпраміць крывую дэталь машыны, зрабіць трактарны палец, дапамагчы механізатарам у рамонце тэхнікі і сельгасагрэгатаў і іншае. Звярталіся да Сямёна Фёдаравіча і звычайныя людзі. Напрыклад, для чачаран ён рыхтаваў клямары, малаткі, матыкі, бароны, разгонкі, нажы і нажніцы. Усё тое, чым з дня ў дзень карысталіся гаспадары на хатнім падворку.  Абіцель цуднага агню размяшчалася на тэрыторыі машыннага парку ў Чачэрску, у адным памяшканні ладна ўжываліся такарня, кузня і мехмайстэрня. І год за годам доўгі час пластычна зліваліся ў адну працоўную мелодыю гукі трох запатрабаваных вясковых прафесій.
– Вось толькі падковы рабіць не давялося, – уздыхнуў пенсіянер, нібы пра нешта шкадуючы.
На жаль, не атрымалася ў мужчыны выкаваць і ўласны сімвал шчасця. Яго лёс абуральна горкі: даўно памерла жонка, і адзінокі цёмны восеньскі вечар удаўца цягнецца на працягу вось ужо 15 гадоў. А некалькі тыдняў таму бацька справіў хаўтуры па свайму сыну. Але ж дараванай Богам планіды ні канём не аб’ехаць, ні пешшу не абысці, як і не выкаваць новага жыцця ні молатам, ні кувалдай. І згарае яно паступова, як той чорны вугаль на гарачым полымі.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика