ГАВОРЫМ ПРАВІЛЬНА

Чаму беларуская мова не разумее пытання: «Як справы?»mova
Нашыя словы адлюстроўваюць не толькі якасць думак, аднак і закладзеныя стагоддзямі традыцыі. Не ўсе выразы, да якіх мы прызвычаіліся ў рускай мове, дакладна перакладаюцца на беларускую. А размаўляць на пэўнай мове – значыць не толькі выкарыстоўваць набор слоў, але і разумець, чым гэтыя словы адрозніваюцца адно ад аднаго.
Кожнаму добра знаёмая сітуацыя, калі пры сустрэчы адзін з суразмоўцаў пасля таго, як павітаўся, пытаецца: «Как дела?» Па-беларуску, перакладаючы слова ў слова, гучыць гэтак: «Як справы?» Аднак наша моўная традыцыя не церпіць такой фармулёўкі. Чаму?
Пытанне, пабудаванае так, калі глядзець з пункту гледжання асобнага значэння выкарыстаных слоў, адлюстроўвае напрамак прасторы. Тут, каб было больш зразумела, лягчэй за ўсё прывесці пару антонімаў: справа – злева. Само слова «справа» замест рускага «дело» ўжываецца толькі ў значэнні работы, нейкага даручэння ці занятку. Атрымліваецца, што так пабудаванае пытанне можа мець два значэнні: чалавек запытаў пра канкрэтны занятак або пра тое, што знаходзіцца з правага боку. Калі гутарка толькі пачынаецца ці сустракаюцца незнаёмыя людзі, першы варыянт аўтаматычна адкідваецца. А што новага можа быць справа? Як злева, так і справа.
Яшчэ Кузьма Чорны, калі сутыкаўся з такімі недарэчнасцямі, тлумачыў іх тым, што чалавек думае па-руску, а думкі перакладае на іншую мову, проста карыстаючыся вядомымі словамі. Такім чынам, перад суразмоўцам ці чытачом, які, уявім, рускай мовы не ведае, паўстае незразумелы набор слоў: у яго запытваюць пра правы бок.
Аднак, безумоўна, гэта не значыць, што пры сустрэчы лепш увогуле не пытацца пра стан і настрой суразмоўцы. Беларуская традыцыя назапасіла шмат сваіх канструкцый, якія не толькі гучаць не горш, але і адлюстроўваюць стагоддзямі сфарміраваныя традыцыі: «Як маешся?», «Як жыццё?», «Чым жывеш?». Няўжо так гучыць горш?
Наталля РЭЧЫЦ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика