ПРАЦЯГ ЯЕ ЛЮБІМАЙ СПРАВЫ

Меркул.хатка
Супрацоўнікі Меркулавіцкага цэнтральнага сельскага дома культуры свята захоўваюць памяць аб былой загадчыцы мясцовай установы Алене Фёдараўне Бозікавай. Жанчына ўзначаліла меркулавіцкіх культасветнікаў у 1972 годзе і вяла па сцяжынцы працоўных дасягненняў творчы калектыў тры дзесяцігоддзі.
Гэта па яе ініцыятыве быў створаны фальклорны гурт «Меркулавіцкія вячоркі», які ў 1993 годзе абараніў званне «народны» і дзейнічае па сённяшні дзень. Яна ж стала ініцыятарам адкрыцця пры ДК музейнай хаткі беларускага вясковага побыту. Калі ў 2006 годзе Алены Фёдараўны не стала, як працяг яе добрай справы пачаўся збор дадатковых экспанатаў і іх пашырэнне.
З цягам часу музей даўніны быў абсталяваны ў кабінеце, адкуль А.Бозікава некалі кіравала культурнай дзейнасцю, выносіла на агульны агляд свае творчыя ідэі і выводзіла на святочную сцэну артыстаў мастацкай самадзейнасці. А прадаўжальнікам працоўнай традыцыі і гістарычнага ўвекавечання жыцця вяскоўцаў стала мастацкі кіраўнік «Меркулавіцкіх вячорак» Валянціна Лявончыкава. Збіральнікі музейнага фонду – самі жыхары, якія ахвяравалі для гэтай мэты ўласныя хатнія рэчы. Напрыклад, пенсіянерка, носьбітка беларускай этнаграфіі і фальклору З.А.Лапкоўская прынесла ў дар старадаўнія драўляныя матчыны іконы. Нешта з былога хатняга ўжытку, палатняныя кашулі падаравалі клубнай установе Ф.І.Гануціна і А.Л.Кірыленка. Штосьці дастаўляецца з пакінутых і нежылых домаўладанняў. Адным словам, добры пачын Алены Фёдараўны не згінуў, а гэта значыць, і сама яна жыве ў свядомасці ўдзячных нашчадкаў і калег.
…Праз тры дні ўсе, каму імя гэтай цудоўнай жанчыны дорага і свята, будуць ушаноўваць яе памяць з нагоды восьмай гадавіны з дня смерці.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика