ДАРЫЦЬ ЧАЧАРАНАМ СВЯТА

IMG_1096
Нельга ўседзець на месцы, калі за справу бяруцца культработнікі. Завадныя гукі гармоніка клічуць танцаваць, галасы салістаў заварожваюць чароўнымі мелодыямі. Вядома, без іх свята не свята, кірмаш не кірмаш, «Дажынкі» не «Дажынкі». Самая цяжкая праца спорыцца, калі  натхняе нешта ўзнёслае. А яшчэ, каб данесці культурную спадчыну да нашчадкаў, яны праз стагоддзі зберагаюць традыцыі ў музейных закутках, на бібліятэчных паліцах, у сваіх шчырых сэрцах.
З нагоды прафесійнага свята мы завіталі ў адноўлены раённы Дом культуры.Так цікава на свае вочы ўбачыць тую самую майстэрню, дзе ідэі становяцца мерапрыемствамі, падрастаюць юныя таленты. Карацей кажучы, няспынна ідзе творчы працэс. Установа можа пахваліцца інструментальна-рэпетыцыйнай і харэаграфічнай заламі, сучасным абсталяваннем, прыгажосцю інтэр’ера. Дарэчы, у калектыве ўсяго 11 чалавек, але ўнутранага святла і энергетыкі значна больш. Таму і спяшаюцца сюды здольныя чачаране ў вольны час на рэпетыцыі, удзельнічаюць у самадзейнасці, выступаюць на раённых святах, а таксама гастралююць з канцэртамі. «У нас усе таленавітыя, – у адзін голас прызнаюцца мае суразмоўцы. – Нягледзячы на розныя пасады, кожны, ад мастацкага кіраўніка, рэжысёра, гукаінжынера да дворніка, можа выйсці на сцэну і ўдала выканаць нумар. Усе мы спяваем, многія валодаюць музычнымі інструментамі…».
Бліжэй знаёмімся з рэжысёрам РДК Вольгай Лазарэнка. У яе непасрэдныя абавязкі ўваходзіць падрыхтоўка і правядзенне мерапрыемстваў, распрацоўка сцэнарыя, афармленне сцэны, падбор музыкі і іншае. Гэта зараз, а значна раней, з дзяцінства, яна прыбягала ў тэатральны гурток да Таццяны Шапаравай. Тут і пазнала першыя творчыя поспехі. Прафесію такую выбрала, каб не развітвацца з захапленнем. Спачатку была кіраўніком аб’яднання па інтарэсах «Маскарад», адукацыю атрымала ў Магілёўскім каледжы мастацтваў імя Крупскай, мае вопыт  арганізацыі дабрачынных елак, дзіцячых пляцовак і іншых мерапрыемстваў. Зараз ідзе падрыхтоўка да Дня маці.
«У кожнага чалавека ёсць свой сусвет, – упэўнена Вольга. – Вельмі важна здолець раскрыць задаткі і развіваць іх, асабліва трэба ставіцца да дзяцей. Бывае, прыходзіць дзяўчынка сарамлівая, бачна, што сцэны пабойваецца, а праз колькі дзён – зусім іншая справа, невядома адкуль з’яўляецца ўпэўненасць, артыстызм… Здараецца і наадварот. Вось Насця Жарык першы раз узяла ў рукі сцэнарый, а прачытала як прафесійная вядучая. Увогуле, у нас шмат таленавітых рабят. Напрыклад, Ульяна Кудзінава цудоўна чытае маналогі, ужываецца ў розныя вобразы, як сапраўдная артыстка. Хлопчыкі таксама цікава праяўляюць сябе. Нашы актывісты – Андрэй Сераднякоў, Ілля Соладаў і іншыя. Многія гурткоўцы захапляюцца не толькі тэатральным мастацтвам, але і спортам. Вось такія асобы».
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика