У НОВЫ ДОМ З НОВЫМІ МАРАМІ
Доўгачаканая радасць прыйшла ў тыя святочныя дні да членаў кааператыву індывідуальнай забудовы №7. Утульнасці і добрых суседзяў пажадаў шчасліўчыкам старшыня райвыканкама Віктар Дарашэвіч. А залаты ключ ад 70-кватэрнай новабудоўлі пад гукі святочнай музыкі старшыні КІЗа, маці чацвярых дзяцей Наталлі Кручык уручыў намеснік дырэктара ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат» Вячаслаў Дзянісюк.
Тут пачнуць новае жыццё з новымі марамі і надзеямі ў ліку іншых 17 шматдзетных і дзевяць маладых сем’яў. Шчаслівыя жыхары заселяць светлыя пакоі, паставяць утульную мэблю, набудуць дадатковую бытавую тэхніку. І на сэрцы стане спакойней, бо выканана галоўная ўмова для стварэння дабрабыту чалавека.
Дзякуй усім, хто наблізіў гэты радасны момант сямейнага шчасця!
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
