СІРОЦКАГА ХЛЕБА СКАРЫНКА

Сувалов иван ефрем
Да свайго родзіча Архіпа Сувалава ў Куклічы некалькі разоў на год наведваецца ў госці брат Іван. З пецярых дзяцей засталіся толькі яны, ды сястра, што жыве па-за межамі Беларусі. Родная кроў прыцягвае, а на малую радзіму Іван Яфрэмавіч прыязджае з трапяткімі пачуццямі. Тут у 1936 годзе зарадзілася яго жыццё, тут і магілы сваякоў.
– Кожны раз, калі бываю ў брата, успамінаю цяжкія гады ваеннага дзяцінства, – расказвае пенсіянер. – Часта сняцца мне тыя жахі, і як бацьку вялі на смерць…Калі да нас прыйшлі немцы, яго прызначылі старастам вёскі. Але гэта было для прыкрыцця, наогул жа маці пякла хлеб партызанам, а тата адвозіў буханкі ў лес. Аднойчы паліцай Галубоўскі яго высачыў і далажыў фашыстам. Разам з іншымі аднавяскоўцамі 15 студзеня 1943 года карнікі растралялі бацьку на падворку дзядькі Яўмена Дзямідавіча. Цудам уратавалася маці – нейкі малады немец пашкадаваў яе, даў фуфайку і адправіў назад. Але яна не дайшла дадому: пачуўшы стрэлы, страціла прытомнасць і доўга праляжала ў халоднай лужыне. Пасля гэтага хварэла роўна чатыры месяцы і затым памерла. А мы засталіся адны, блізкія дапамагалі, чым маглі, ды на той час у кожнага быў свой клопат, галодных ратоў – па пяць, сем чалавек у сям’і.
Калі прыйшло выратаванне, малы Іванка пайшоў у школу, але хутка яго разам са старэйшым братам Аляксеем накіравалі ў дзіцячы прытулак, адкуль няўрымслівы Лёшка праз нейкі час збег. Засумаваўшы па родных, Ванька напісаў жаласлівы ліст Архіпу, і той забраў хлопца да сябе.  Потым зноў – сіроцкі хлеб у Кармянскім спецыяльным дзіцячым доме. І калі б ні намеснік дырэктара Настасся Чэчыкава, якая замяніла яму пяшчоту матуліных рук, як бы склаўся лёс падлека. Скончыўшы Рэчыцкае педагагічнае вучылішча, наш зямляк працаваў па абранай прафесіі. Пасля службы ў арміі паступіў у Гомельскі педінстытут імя Чкалава і 46 гадоў аддаў настаўніцкай справе. Азіраючыся назад, Іван Яфрэмавіч і сам дзівіцца, як яму пашчасціла пазбегнуць нямецкай кулі. Калі матуля закідала яго кіпай старой бялізны і дзіравага рыззя, строга загадала: “Ляжы, Ванечка, ціха, не варушыся…”. Баючыся павярнуцца, сямігадовы малец доўга прачакаў на сырой падлозе, а калі пагроза абмінула, сам сабе не паверыў – жывы!
Сутыкаючыся сёння з сацыяльным сіроцтвам, з хамствам і грубай жорсткасцю, няшчаднай злачыннасцю і забойствамі, так і хочацца крыкнуць ва ўвесь голас: “Людзі, шануйце мір, карыстайцеся гэтым правам дзеля агульнага шчасця! Не назапашвайце скарб матэрыяльны, галоўнае – багацце душы. Бо адно з найвышэйшых чалавечых каштоўнасцяў – святло дабрыні”.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика