ЦЯПЛО РОДНАЙ ДУШЫ

IMG_2912
Калі ў вёсачцы Бердыж, на малой радзіме Ніны Васільеўны Адарчанка, з’явіліся акупанты, не ведала пяцігадовая дзяўчынка, малодшая з шасцярых дзяцей, якія выпрабаванні выпадуць на лёс яе сям’і. Прозвішча бацькі – Васіля Дарафеевіча Гаўрылава – у спісе ахвяр вайны кнігі “Памяць. Чачэрскі раён” побач з аднавяскоўцамі, якія аддалі сваё жыццё за радзіму. Не перажыла саракавыя і маці…
Фашысты выганялі з хат і сяляне ўцякалі хто куды, брылі па дарогах і лясах, да сваякоў у вёскі і пасёлкі, спадзяваліся, што там знойдуць прытулак. Ішлі Гаўрылавы ў п.Аляксееўка, дзе жыла сястра Васіля Дарафеевіча, але спыніцца было немагчыма, бо, як высветлілася, і там лютавалі немцы. І зноў – лес, страх, невядомасць, смага, стрэлы, крыкі. “Аднойчы гітлераўцы пачалі “чыстку”, – расказвае Ніна Васільеўна. – На самой справе, “змяшаліся ў кучу коні, людзі”. Нямецкія салдаты ішлі ланцугом, зганялі ў асобныя кучы мужчын і жанчын, бязлітасна растрэльвалі ўсіх. Лес гудзеў, у гэтым хаосе побач са мной аказаўся настаўнік Павел Афанасьевіч Бардонаў. Падчас чарговай перастрэлкі ён накрыў мяне кажухом, прыціснуў, а праз секунду куля папала яму ў руку і адарвала пальцы. Кроў лілася мне ў твар і ад жаху калацілася сэрца… Але ж выжылі. Не ўратаваўся мой бацька, нават пахаваць яго не ўдалося, бо мужчын растрэльвалі ля балот і прабрацца туды, як казаў мой старэйшы брат, не змаглі.”
Пасля вызвалення, вярнуўшыся ў асірацелыя сцены, у Бердыжы людзі знайшлі пустэчу і разруху. Разрабаваны, спалены хаты, не засталося ні сена, ні схаваных спехам пажыткаў. Кінуліся да калодзежа, а ў ім поўна трупаў людзей. Адно слова – галеча. Ратавала ад голаду шчаўе – вельмі шмат расло яго ў наваколлі. Маленькую Ніну прывеціла старэйшая сястра Лідзія. Нельга не заўважыць: кажуць цяпер, маўляў, цяжка выхоўваць шмат дзяцей, а ў тых абставінах трымаліся адзін аднаго і дзякавалі Богу за тое, што ёсць родная душа на гэтым свеце. Так разам і жылі. Муж Ліды Сяргей Аляксандравіч Рамзевіч быў за бацьку, ніколі не папракнуў, а наадварот, падтрымліваў, накіроўваў, даваў парады. Ён таксама прыйшоў з фронта і добра ведаў, чаго нацярпеліся малыя. Пасляваеннае пакаленне цаніла кожны подых, кожны промень сонейка, кожную ўсмешку. Магчыма, таму і выбрала Ніна Васільеўна гуманную высакародную прафесію медсястры. Не адзін дзесятак год аддала яна працы ў інфекцыйным аддзяленні райбальніцы і лепшай узнагародай было выздараўленне пацыентаў, асабліва маленькіх. Нягледзячы на цяжкасці ў сямейным жыцці выхавала трох дзяцей, дачакалася пецярых унукаў і праўнучку Верачку. Ім невядомыя бязлітасныя выбухі вайны і жорсткія позіркі акупантаў, ніхто не падніме руку на шчаслівае дзяцінства. За гэта аддаў жыццё іх прадзед Васіль і мільёны савецкіх салдат, гэтага ўсёй душой жадае бабуля Ніна.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика