Чачэрскі ТЦСАН адзначае юбілей

Калектыў цэнтра.

У цяжкую і складаную хвіліну кожнаму, хто мае ў тым патрэбу, акажуць дапамогу, параяць, падзеляцца цеплынёй сваёй душы ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На дабрабыт і карысць чачаран калектыў ТЦСАН працуе вось ужо 20 гадоў. Сёння юбіляры прымаюць віншаванні з нагоды заснавання ўстановы.

Калі ў раёне паўстала пытанне пашырэння формы работы з насельніцтвам і арганізацыі вольнага часу, у памяшканні былой аптэкі пачала дзейнічаць новая структура галіны сацабслугоўвання. Дзверы тэрытарыяльнага цэнтра адчыніліся 1 красавіка 2004 года, першым дырэктарам прызначылі Аляксандру Бацанаву, а яе правай рукой стала галоўны бухгалтар Алена Замбарная. На той момант былі сфарміраваны аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму, тагачаснай загадчыцай якога была Вера Новікава, аддзяленне першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання, а таксама тэрміновага сацабслугоўвання – загадчыца Людміла Шавялёва. Пасля афармлення неабходнай нарматыўнай дакументацыі пачаўся падбор кадраў. Адзін за другім ва ўстанову прыйшлі спецыялісты Надзея Ганжына, Валянціна Шлыкава, Надзея Заказчыкава, Таццяна Бацанава і Ганна Серагова, інспектар Зоя Яўстраценка, юрысконсульт Алеся Зубарава, эканаміст Алена Гардзеенка, вадзіцель Аляксей Яфімовіч і тэхнічны работнік Ірына Белагрыўцава.

У студзені 2008-га тут адкрылі аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. А неўзабавае ТЦСАН стаў другім домам для маладых інвалідаў – іх гасцінна запрасіла аддзяленне дзённага прабывання, 13 гадоў якое ўзначальвала Алена Шугаева. Жыццё ў цэнтры зашумела па-іншаму, сюды людзі ішлі за парадай і магчымасцю падзяліцца набалелым. У 2014-м цэнтр стаў душэўнай адтулінай для грамадзян сталага ўзросту. Але цеснае памяшканне старой аптэкі стрымлівала імпэт наведвальнікаў і размах паслуг насельніцтву. Тады раённыя ўлады прынялі рашэнне перасяліць ТЦСАН у вольныя пакоі будынка райваенкамата. Падрыхтоўкай да наваселля займаўся ўвесь штатны састаў – мылі вокны і падлогу, фарбавалі і клеілі сцены, чысцілі падвал і калідоры, займаліся азеляненнем. Урачыстую чырвоную стужку сацработнікі перарэзалі 22 красавіка 2016 года.

…Здаецца, усё было зусім нядаўна. Але за гэты час установа перажыла шмат падзей і напоўненых каштоўнымі напрацоўкамі будняў. З’яднаны Аляксандрай Бацанавай касцяк работнікаў і сёння разам. За гады сумеснай работы калектыў гартаваўся, сталеў і набіраўся вопыту. Ён надзейная падтрымка і апора цяперашняму дырэктару Таццяне Уздоўскай. А ТЦСАН – выратавальны астравок, дзе заўсёды знойдуць дапамогу і паразуменне ўсе, каму бывае лёс не паласой, каму жыццё паставіла падножку.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика