Свята вёскі. Іпалітаўка: у кожнай хаце шчасце тут жыве
Жыхары Іпалітаўкі Отарскага сельсавета сабраліся разам, каб павесяліцца, пакаштаваць салодкіх прысмакаў, паслухаць добрую песню і ўшанаваць людзей, чыім лёсам стала гэта невялікая і ціхая вёсачка, якая вось ужо 155 гадоў шуміць дзіцячымі галасамі і зялёнымі шатамі бяроз.

Згодна пісьмовым вытокам, Іпалітаўка была заснавана ў 1871-м і першапачаткова называлася Аляксандраўкай. Спачатку налічвала 52, а пасля рэвалюцыі – 86 падворкаў. Некалі тут дзейнічалі хата-чытальня, школа, паштовае аддзяленне сувязі. А сам населены пункт з’яўляўся цэнтрам Іпалітаўскага сельсавета. Сёння на квяцістых вясковых вулачках размешчана 35 двароў з колькасцю 79 жыхароў. На мерапрыемстве ўшаноўвалі самых старэйшых – Кацярыну Іванаўну Сувораву, Марыю Дзмітраўну Васільеву і Аляксандру Андрэеўну Вадзюціну. Хоць вёска і старэнькая, яе багацце і надзея – падрастаючае будучае краіны, а гэта 15 дзяцей. Прычым большасць з іх выхоўваецца ў шматдзетных сем’ях Зінаіды Атрашковай, Таццяны Барысавай і Алены Ванаг. Пад гукі вясёлых песень, якія адрасавалі вёсцы-імянінніцы і яе жыхарам артысты народнага гурта «Меркулавіцкія вячоркі», салісты Таццяна Станкевіч і Уладзімір Курбацкі, на свяце адорвалі цёплымі словамі і падарункамі гаспадароў лепшага падворка – Сяргея і Святлану Корхавых. А таксама атрымалі сувеніры пераможцы конкурсаў. Журы ўразіла мастацкае афармленне парасонаў «Пад купалам сінявокай» Аляксандры Ганжынай, у выставе кветак «Усе фарбы лета» праявіла фантазію Алена Ванаг, а найбольш смачны і апетытны пірог атрымаўся ў Зінаіды Атрашковай.

– Дзень вёскі – свята тых, хто тут жыве і працуе, чые тут карані і сэрца, хто знайшоў на гэтай зямлі сваё шчасце і другую малую радзіму, – дала адзнаку мерапрыемству старшыня мясцовага сельвыканкама Аксана Балотнікава. – Прыемна сабрацца гуртам, адпачыць ад хатніх турбот, паслухаць знаёмую матчыну песню, нагадаць вехі гісторыі, успомніць аднавяскоўцаў. Вялікі дзякуй усім, хто дапамагаў арганізаваць свята, хто адгукнуўся на прапанову паўдзельнічаць у конкурсах. І асаблівая падзяка дырэктару ААТ «Отар» Таццяне Струк за фінансавую падтрымку.

Гарачае жнівеньскае сонца, клёкат буслоў і вясёлыя рытмы мелодый яшчэ доўга адгукаліся гулкім рэхам і сагравалі сэрцы вяскоўцаў прыемнымі пачуццямі.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ
ФОТА АЎТАРА
