Чарговая сустрэча майстроў высокіх надояў

26 октября 2012
9

Чарговая сустрэча майстроў высокіх надояў адбылася за круглым сталом, дзе члены аб’яднання маглі абмеркаваць праблемныя пытанні, расказаць пра тое, як дабіваюцца пэўных поспехаў па надоях малака і якіх працоўных вяршынь плануюць дасягнуць у будучым. Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Ігнаценка адзначыла, што за пяць гадоў існавання клуба змянялася колькасць яго членаў, але мэта заставалася ранейшай – быць заўсёды ў лідарах і паказваць іншым прыклад стараннасці.
З паказчыкамі па надоях малака ў раёне прысутных пазнаёміла галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Пархамец. Дасягненні радуюць, як адзначыла спецыяліст. Калі ў 2007 годзе на Чачэршчыне звыш пяці тысяч кілаграмаў малака на карову атрымалі 12 аператараў машыннага даення, то па выніках 2011 года іх было 14. А прагноз гэтага года і таго аптымістычней – Валянціна Саханава з ААТ “МатнявічыАгра” па выніках дзевяці месяцаў надаіла ад адной каровы 5 341 кілаграм сырадою. У сярэднім жа па раёну гэта лічба складае 3 475 кг. Перадавы рытм задаюць работнікі ААТ “Отар” і матнявіцкія жывёлаводы. На пытанне да майстроў высокіх надояў, як жа атрымоўваецца ісці наперадзе і не зніжаць тэмпу, яны адказалі, што галоўнае – дысцыпліна, адказнасць плюс правільная тэхналогія кармлення і ўтрымання пагалоўя. Вось і ўвесь сакрэт поспеху! Хвалявала жанчын і ўкараненне новых метадаў работы, у прыватнасці перавод жывёлы ў даільныя залы. Паступова гэты працэс ужо праводзіцца на малочна-таварных фермах Чачэршчыны, але хутка стане нормай дзейнасці ўсіх МТФ. Час ідзе, і трэба за ім паспяшацца, каб заставацца на вяршыні працоўных перамог і славы.
Напрыканцы сустрэчы ўсім удзельнікам мерапрыемства прапанавалася паглядзець выступленне графскага тэатра і духоўна адпачыць падчас камедыі А.Сумарокава “Раганосец па ўяўленню”.

Предыдущая новость
ВЫНІК ПЛЁНУ І СТАРАННАСЦІ
следующая новость
КЕМ БЫТЬ? ВОТ В ЧЕМ ВОПРОС