Сцена - судьба и творческая вселенная Екатерины Потапенко

26 июля 2026
248
Сваю прафесію загадчык аддзела культурна-масавай, метадычнай работы і нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Дома культуры Кацярына Патапенка не выбірала – сам лёс вырашыў яе будучыню, бо яна першапачаткова нарадзілася з цудоўнымі артыстычнымі задаткамі. І вось ужо 15 гадоў з задавальненнем служыць любімай справе і людзям.

Ураджэнка Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці яшчэ ў маленстве выступала на школьных канцэртах і святочных мерапрыемствах. Пераймала майстэрства акцёра ад бабулі, якая была кіраўніком і непасрэдным удзельнікам фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Панёвы», і ў гонар якой Кацярыне далі яе прыгожае імя. Вучылася аратарскім здольнасцям ад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, праводзячы экскурсіі для наведвальнікаў класнага пакоя народнага побыту. А затым, падвучыўшыся ў Гомельскім каледжы мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага, была накіравана на Чачэршчыну, дзе і замацавалася. Працоўны шлях маладога спецыяліста пачаўся з пасады метадыста раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра. Дзень за днём, канцэрт за канцэртам, мерапрыемства за мерапрыемствам фарміравалася яе прафесійнае станаўленне. На першых кроках дапамагалі вопытныя калегі Таццяна Тульжэнка і Валянціна Буланава.

Па характары смелая, энергічная, бойкая Кацярына адчувае сябе на сцэне вольна і ўпэўнена. Да таго ж валодае добрымі вакальнымі дадзенымі і зайздроснымі тэатральнымі навыкамі, лёгка пераўвасабляецца з вядучай у кніжных персанажаў, ужываецца ў ролю казачных і драматычных герояў. Прафесія культработніка для яе не проста спецыяльнасць, а сэнс жыцця. «Я не ўяўляю сябе ў іншай сферы, сцэна – мой лёс і творчы Сусвет, – прызнаецца Кацярына Патапенка. – Мяне яшчэ ў юнацтве называлі Людмілай Гурчанка. І хоць да гэтай заслужанай кіназоркі я «не дарасла», але ўрасла каранямі і ў чачэрскую зямлю і ў любімую справу». Патрыётка, грамадскі актывіст, уважлівая сяброўка, клапатлівая маці дваіх дзетак і таленавіты культасветнік – такая яна, сучасная беларуская жанчына.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ
ФОТА АЎТАРА