Чечерские хранительницы белорусских традиций и фольклора
Сёстры Надзея, Галіна і Марыя Карнеенка (у дзявоцтве) усё жыццё звязаныя з песняй, з народнымі абрадамі і нацыянальнымі традыцыямі.
Іх маці Марыя Васільеўна любіла спяваць. У Высокай Грыве, дзе жыла сям’я, яна была актыўнай удзельніцай прапаганды і захавання мясцовых звычаяў. Разам з матуляй вадзілі Казу, гукалі вясну і праводзілі абрады восеньскага цыклу народнага каляндара Марыя Мітрафанаўна і Надзея Мітрафанаўна. Потым і самі сталі салістамі валосавіцкага хора, а затым і пастаяннымі наведвальнікамі народнага фальклорнага калектыву «Ажына». З 2002-га ў яго склад увайшла і Галіна Мітрафанаўна, якая вярнулася на малую радзіму з Гомеля. У мінулым годзе гурт, кіраўніком якога з’яўляецца Валянціна Лопухава, адзначыў 50-годдзе з дня заснавання. У рэпертуары маецца звыш 180 абрадавых, рэкруцкіх, сямейна-бытавых і іншых песень, а таксама танцы і карагоды. Вялікай каштоўнасцю «Ажыны» лічыцца старажытны ахоўна-аграрны абрад «Пахаванне стралы», які аберагае людзей і пабудовы ад стыхійных бедстваў і ўсялякай навалы. А перадала яго ў пасаг валосавіцкім жыхарам Марыя Васільеўна Карнеенка. Калісьці яна, а цяпер яе дочкі моляцца небу, просячы ў святых міру, дабрабыту, добрага ўраджаю і здароўя ўсім людзям вёскі, сваёй любай Чачэршчыны і роднай Беларусі. Прычым Марыя і Галіна жывуць у Чачэрску, але адлегласць іх не пужае, і яны з ахвотай едуць да сястры, каб разам правесці магічную ахоўную дзею, усхваліць хараство і моц прыроды, зацягнуць знаёмы матыў матчынай песні і адчуць асалоду зямнога жыцця.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ
ФОТА АЎТАРА
