Аграрыі краю рыхтуюць тэхніку да пасяўной

Валерый Еўтухоў і Дзмітрый Шведаў.
Падмурак важкаму пшанічнаму караваю, высокім паказчыкам па вытворчасці малака і мяса закладваецца ўжо зараз. Зіма – самы час для падрыхтоўкі глебаапрацоўчай тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў да палявых работ.
У раёне на лінейку гатоўнасці сельскагаспадарчыя і самаходныя машыны трэба паставіць да 1 сакавіка. Каб паспець выканаць даведзеныя задачы і патрабаванні ў тэрмін, неабходна рацыянальна выкарыстоўваць кожную хвіліну. Для гэтага аграрыі праводзяць рамонты як самастойна, так і заручаюцца падтрымкай спецыялістаў ААТ «Чачэрскагратэхсервіс».
У мехмайстэрні прадпрыемства, як расказаў дырэктар Сяргей Шавялёў, сёння знаходзіцца 7 адзінак тэхнікі – МТЗ, дыскавыя культыватары, раскідвальнікі арганічных угнаенняў і сеялкі, а з восені мінулага года адрамантавана ўжо 9. Усяго ж тут мяркуюць даць «новае дыхане» 15 машынам і агрэгатам. У мінулым сезоне іх было 8. «Стараемся павялічваць паслугі, – гаворыць Сяргей Мікалаевіч. – У асноўным аказваем слясарныя і зварачныя работы. Выконваем іх на месцы, але можам па дамове выехаць непасрэдна ў гаспадарку. Як, напрыклад, было з прадпрыемствам «Палессе». Каманда наша дружная, хлопцы вопытныя: 4 зваршчыкі, 3 слесары і столькі ж механізатараў. Найлепш за астатніх стараюцца Дзмітрый Шведаў, Андрэй Куцапалаў, Валерый Еўтухоў, Іван Чытакоў і Аляксандр Дзядкоў. Сіла і жаданне ёсць, так што з пастаўленымі аб’ёмамі абавязкова справімся».

Як адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік сяльгасупраўлення Віктар Братачкін, працэс па падрыхтоўцы да веснавых палявых работ добра наладжаны ў «Звяздзе» і «Отары». Трэба падцягнуцца ў гэтым плане батвінаўскаму калектыву. «У нашых сяльгаспрадпрыемствах на рахунку 361 адзінка тэхнікі і прычапных прыстасаванняў, якія будуць задзейнічаны на апрацоўцы глебы і пасеваў. Усе яны павінны адпавядаць тэхнічным патрабаванням і быць гатовымі да старту. Час яшчэ ёсць, але марудзіць не раю, – папярэджвае аграрыяў Віктар Аляксеевіч. – Зараз у раёне актыўна вядзецца вывазка арганікі на палеткі, дзе плануецца пасеяць раннія яравыя зерневыя, зернебабовыя і крупяныя культуры. Ледзьве прыгрэе сонейка і складуцца спрыяльныя ўмовы надвор’я, хлебаробы павядуць трактары на пасяўны клін. А ён у агульным аб’ёме на Чачэршыне складае 2 310 гектараў, плюс 7 730 га кукурузы. Таму раскачвацца не варта, наперадзе шмат клопату і важнай земляробчай справы».
В.БАГДАНОВІЧ.