КНІГА – ЛЕПШЫ ДАР
Фонды раённай цэнтральнай бібліятэкі папоўніліся чарговымі выданнямі 25-томніка беларускага класіка, мастака літаратурнага слова Уладзіміра Караткевіча. У рамках абласной дэпутатцкай акцыі, якая стартавала ў Год кнігі, шчодрае дараванне чачаранам аказаў дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў па Чачэрскай выбарчай акрузе №60 Анатоль Фейгін. Акрамя вядомых твораў пісьменніка сюды ўвайшлі раней не друкаваныя тэксты, пераводы, рускамоўныя паэмы, п’есы і аповесці, а таксама шаржы, малюнкі, аўтапартрэты, публіцыстыка. Чачаране маюць шанец пагартаць старонкі свежага зборніка сачыненняў – на стылажах цэнтральнай бібліятэкі знайшлі месца ўжо пяць кніг. Але на гэтым дабрачынная акцыя, як спадзяюцца дырэктар установы культуры Л.Хрысціна (на здымку) і яе супрацоўнікі, не завершыцца, і ўсе 25 тамоў стануць каштоўным здабыткам для чачэрскіх аматараў айчыннай літаратуры.
