УМАЦОЎВАЮЧЫ СЯБРОЎСКІЯ СУВЯЗІ

У гэтым месяцы па ініцыятыве заслужанага артыста Маскоўскай вобласці Сяргея Сітнова і з запрашэння главы муніцыпальнага ўтварэння п.Цераеўскае ў другі раз наведаліся чачэрскія спевакі да суседзяў-расіян з сяброўскім візітам і добрай песняй.
Беларускіх гасцей віталі на сцэне трох раёнаў пад Масквой: Валакаламскага, Шахаўскога і Латошынскага. Як паведаміла дырэктар гарадскога Дома культуры Таццяна Тульжэнка, чачаран сустракалі сардэчна і горача. Для творчай дэлегацыі арганізавалі экскурсію па мясцовых славутасцях, культработнікі наведалі Валакаламскі крэмль, падзівіліся веліччу Іосіфа-Волацкага манастыра, пабывалі на вытоку ракі Масква і ачысцілі душу і цела ў адной са святых купеляў. Але самай незабыўнай была сустрэча артыста і слухача. Кожнае выступленне, кожны музычны нумар расіяне ўспрымалі з асалодай, як зачараваныя слухалі беларускую гаворку, нашы нацыянальныя мелодыі. Свой творчы запал на валакаламскай зямлі раскрывалі салісты Ірына Курдзюмава, Васіль Білашоў, Аляксей і Вера Дзем’яновічы, Уладзімір Пудаў і Анастасія Гулянкова.
З цеплынёй і ўдзячнасцю апладзіравалі сябры-пабрацімы і калектыву г.Дзяржынска «Карагод», які гастраляваў там адначасова з чачаранамі і падпяваў ва ўнісон знаёмым матывам. Бо песні ж у нас аднолькавыя, і мэты паралельныя: жыць у міры і згодзе, у любові і спакоі. Пра тое і моляцца браты-расіяне ў цэрквах. Дарэчы, як заўважыла Таццяна Валер’еўна, такія Боскія абіцелі маюцца амаль у кожным пасёлку падмаскоўя.
…Развітанне было тужлівым і хвалюючым. Абодва бакі дамовіліся аб цесным супрацоўніцтве і далейшых культурных сувязях. Як напамін пра мінулую паездку адбыўся абмен сувенірамі, а яшчэ чачэрскія артысты прывезлі дадому падзячныя лісты, ганаровыя граматы і светлую настальгію.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
