Рыхтуемся да свята

Да юбілею горада раённыя службы пачалі рыхтавацца адразу пасля сустрэчы Новага года. І, у першую чаргу, безумоўна, перавагу аддалі добраўпарадкаванню будынкаў і вуліц Чачэрска. А за будаўнічым матэрыялам накіраваліся ў ААТ “Чачэрскі КБА”. Дырэктар прадпрыемства М.Р.Алісейка расказвае:
— Пакуль што адпачываць нам няма калі – шмат заказаў паступае. Мяркуйце самі, у перыяд падрыхтоўчых работ да святкавання юбілею такім арганізацыям як КЖУП “Чачэрскае”, райспажыўтаварыства, ПМС і вінзавод наш камбінат вырабіў жалезабетоннай і драўлянай агароджы на агульную суму каля 105 мільёнаў рублёў. За піламатэрыялам ідуць і прыватныя грамадзяне, у асноўным, на рамонт агароджы сваіх домаўладанняў, на выраб дзвярэй, брамаў і інш. На днях мы завяршылі пашыў сцэнічных касцюмаў – 15 дзіцячых і 65 дарослых, усяго на 3 мільёны рублёў. Для артыстаў, што будуць іграць у тэатралізацыі ролі радзімічаў, падрыхтавалі камплекты з чыстага лёну: сарочкі, штаны, сукенкі. Зараз падыходзіць да завяршэння будаўніцтва драўлянай галоўнай сцэнічнай пляцоўкі памерам 14/11 метраў. Яе кошт – 13 мільёнаў рублёў. Каб выглядаць на свяце належным чынам, праводзім рамонт будынка КБА па вул. Першамайская,17, усталявалі вокны, ажыццяўлялі замену старога даха на новы, афарбоўку… На капітальны рамонт затрачана 200 мільёнаў рублёў. Ну, і вытворчую тэрыторыю прадпрыемства прыводзім у парадак, тут ужо “лягло” 15 мільёнаў рублёў. Спытаеце, чаму я называю гэтыя сумы? Хачу, каб людзі ведалі, што навядзенне прыгажосці ў горадзе – справа нятанная. І заклікаю берагчы ўсё тое, што зроблена дзеля агульнай радасці і працвітання. І спадзяюся, што доўгачаканае свята прынясе кожнаму прыемныя хвіліны задавальнення.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика