ШЧОДРАЯ НАТУРА БАГАТАЙ ДУШЫ

Як часта даводзіцца дзівіцца энтузіазму і багатым творчым якасцям простага чалавека. Колькі невычэрпнай энергіі і натхнення захоўвае ў сабе душа! Начальнік аддзялення “Сідаравічы” КСУП “Нісімкавічы” Уладзімір Яўменавіч Канцавы ўжо не малады гадамі, але яшчэ поўны сілы і задору. Прыклад таму – яго актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах на раённай лыжні. Сярод мужчын-кіраўнікоў ён заняў першае месца. І гэта ва ўзросце 58 гадоў! На дыстанцыі Уладзімір Яўменавіч быў адзін з самых “маладых” удзельнікаў. Па натуры гэта вельмі добры і прыязны чалавек. Нарадзіўся ён у вялікай сялянскай сям”і, дзе выхоўвалася 8 дзяцей. Закончыў Чырвонабярэжскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці аграном, некаторы час працаваў па спецыяльнасці, займаў пасаду дырэктара саўгаса “Сож”. Ніколі не цураўся цяжкай працы, імкнуўся да высокіх вытворчых паказчыкаў, сумленна выконваў службовыя абавязкі. Дапамагалі яму ў дасягненні пастаўленых задач яго аднавяскоўцы і калегі, а падтрымлівалі ў хвіліны няўдач і скрухі блізкія. Наогул, сумаваць – не ў характары Уладзіміра Яўменавіча. Калі душу захіне туга, ён дастае з шафы свой любімы гармонік і пачынае спяваць. Яшчэ адметнай рысай творчай натуры Уладзіміра Яўменавіча з”яўляецца яго ўменне жартаваць і ўзнімаць настрой сябрам і знаёмым. У багатым фальклорным запасе маецца шмат баек і пацешак. Трапным словам ён умее развесяліць і падтрымаць духам любога.
У.Я.Канцавы шмат гадоў “сябруе” са спортам. Яго любімы від здаровага ладу жыцця – лыжы. Раней ён са сваімі дзецьмі часта хадзіў на лыжах у лес, навучаючы падлеткаў любові да прыроды і фізічнага развіцця. І зараз ён не змяняе звычцы, хоць гэтыя паходы сталі значна радзейшымі. Затое зацягнуць песню-караоке для яго стала любімым заняткам. Унукі падпяваюць свайму дзядулі, і, у выніку, атрымоўваецца нядрэнны вакал. У свой час Уладзімір Яўменавіч быў удзельнікам фальклорнага гурта в.Валосавічы, цяпер перадае мастацкі талент нашчадкам. З такім чалавекам прыемна весці размову, не сорамна спытаць парады. Актыўны, ініцыятыўны і заўсёды малады, ён не скардзіцца на лёс і не марыць пра зоркі з неба, а беражэ цяпло роднай хаты, захоўвае памяць бацькоў, шануе жыццё і матчыну мову.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика