Камандзір і гаспадар каля статка бычкоў

Працоўны дзень даглядчыка на адкорме буйной рагатай жывёлы Паўла Анонічава з ААТ «Палессе» пачынаецца на зорцы і завяршаецца з надыходам цемры. Ферма для яго – другі дом, бо там ён праводзіць палову жыцця.

Насельніцтва Балсуноў яшчэ спіць, а Павел Сцяпанавіч ужо вырульвае на сваім пярэстым коніку Ваську на знаёмую сцяжынку, якая вядзе да мясцовай фермы па вырошчванні БРЖ. Пра тое, што даглядчык накіроўваецца да грамадскага статка, ведае ўся вуліца – музычная калонка з наборам завадных вясёлых песень будзіць наваколле. Такая ж зайздросная гарэзная атмасфера падтрымліваецца і ў памяшканнях па ўтрыманні жывёлы. «Аптымістычны настрой і добрая музыка дапамагаюць у працы, падымаюць настрой і спрыяюць прывагам», – жартуе Павел Анонічаў і ў так музыцы спрытна падкідвае рагатым гадаванцам сакавіты сілас. На днях яго грамадскі статак папоўніўся на 28 галоў, якія яшчэ толькі ўчора ўтрымліваліся ў доміках халоднага вырошчвання на цэнтральнай МТФ. Укормленыя, дужыя і свавольныя цяляткі радаваліся, што вырваліся з цеснай абмежанай прасторы, і з азартам падбрыквалі, ганяючыся адзін за адным па сухой саломцы.

У цэлым жа на мазольных руках Паўла Сцяпанавіча трымаецца статак на 350 галоў, якія даюць па 600-700 грамаў сярэднесутачнай прывагі. Догляд за жывёлай аператар на адкорме ажыццяўляе разам са сваімі калегамі, але па большай частцы ўвесь клопат – на яго плячах. Да грамадскага пагалоўя мужчына адносіцца, як да ўласнага. За кожную скаціну перажывае, хвалюецца, сочыць за правільнасцю кармлення і чысцінёй вытворчых памяшканняў. Неаднойчы ўшаноўваўся ганаровымі граматамі гаспадаркі і раённага выканаўчага камітэта як перадавік вытворчасці. І не дзіўна, што за 23 гады работы ферма стала для яго другім домам. Тут ён і нянька,  і мамка, і лекар, і камандзір. Хаця клапатлівай мужчынскай рукі таксама чакае вялікая гаспадарка на хатнім падворку – конь, куры, качкі, свінні, трусы. Вялікай падтрымкай для Паўла Анонічава яго малодшыя сыны Андрэй і Юрый. Яны і дома, і на ферме – надзея і старанныя памагатыя. Разам з дзецьмі вырашаюцца ўсе працоўныя праблемы, бо тут і там неабходны чалавечы клопат і стараннасць. Але для вяскоўца ўсё ж пераважае ферма. Душой і сэрцам жывёлавод перажывае за грамадскі статак, за сваіх бычкоў і цялушак – каб яны заўсёды былі здаровыя, жывенькія і сытыя.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика