НЕ БАІМСЯ НІ ЗІМЫ, НІ ХОЛАДУ…

Надзвычай цёплае надвор”е мінулай суботы было дарэчы ўдзельнікам раённага спаборніцтва па лыжных гонках. Прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Чачэршыны на чале з кіраўнікамі сталі на стартавую пляцоўку з жаданнем калі не перамагчы саперніка, то хоць бы паспрабаваць свае фізічныя сілы і праехаць па свежай накатанай лыжні. У спаборніцтвах прынялі ўдзел больш 170 чалавек з 53 арганізацый. Святочны настрой падчас гонак надавалі артысты гарадскога Дома культуры. З прывітальным словам да каманд звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама А.Я.Буслаў. І вось – першы забег. З хваляваннем члены каманд чакалі на фінішы сваіх лыжнікаў і сустракалі іх моцнымі апладысментамі. На жаль, некаторым удзельнікам прыйшлося саступіць з лыжні. Так, з 72 мужчын з дыстанцыі сышлі 25 чалавек, а сярод 65 жанчын не разлічылі сілы 15. Аднак самыя напорыстыя дасягнулі мэты і пераадолелі вызначаныя кіламетры для забегу з поспехам. Па выніках спаборніцтва сярод жанчын-кіраўнікоў прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: 3 месца – завуч Сідаравіцкай школы Н.І.Ключынская, 2 месца – галоўны рэдактар раённай газеты В.В.Пранкевіч, 1 месца — дырэктар цэнтра этнаграфіі і фальклору Т.Л.Кандрацьева. Сярод жанчын -прадстаўніц працоўных калектываў: 3 месца – Г.М.Чабатарова (Батвінаўская школа), 2 месца – К.М.Цялегіна (Отарскі ДК), і 1 месца – В.В.Маркоўская (Бабіцкая школа). Самымі дужымі сярод мужчын-кіраўнікоў былі: 3 месца – старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М.Казлоў, 2 месца – дырэктар Отарскай БШ І.І.Ганчароў, 1 месца – загадчык малочна-таварнай фермы в.Сідаравічы У.Я.Канцавы. Прынеслі годную славу сваім прадпрыемтвам і арганізацыям мужчыны працоўных калектываў У.Л.Пернікаў з ДЭУ-46 (3 месца), С.П.Біжуноў з Бабіцкай школы (2 месца) і Ю.В.Юрчанка, КСУП “Палессе” (1 месца). А пакуль яны хваляваліся і спаборнічалі, на суседняй пляцоўцы гаспадаркі і арганізацыі раёна рыхтавалі напаказ рыбную юшку, смажылі шашлыкі і частавалі гасцей салодкай гарбатай. Масавае скопішча людзей назіралася каля катлоў з юшкай і мангалаў УП “Вазнясенск” і гімназіі г.Чачэрска. Прайсці міма сталоў з апетытнымі лустамі запечанай свініны было проста немагчыма, тым больш, што гаспадары так гасцінна запрашалі пачаставацца хатняй стравай. За ўдзел у прыгатаванні страў былі адзначаны пісьмамі-падзякамі сельгаспрадпрыемствы “Вазнясенск” і “Роўкавічы”, а таксама Камуна-Ленінская і Роўкавіцкая школы, дзіцячыя садкі №№2,4, гімназія, РЦГіЭ, ДПТВ-186.
Да самага вечара каля леса Мяшчанскі гулі маторы аўтамабіляў, чуліся вясёлы смех і жарты, гарэлі вогнішчы і дымілася юшка. Гэта, як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама П.В.Несцяровіч, была своеасаблівая рэпетыцыя перад беларускай лыжнёй. Вырашана і надалей у арганізацыі зімніх відаў спаборніцтва захоўваць добрую традыцыю, у тым ліку дэманстрацыю кулінарнага майстэрства.
Удзел у спаборніцтвах прымала Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Besucherzahler
счетчик посещений