Калі гучыць гармонь, душа спявае

Раней у кожнай вёсцы, на кожнай вуліцы Чачэрска разліваліся вясёлыя мелодыі гармоніка. Ні адно свята ці сямейная ўрачыстасць не абыходзіліся без зычных погукаў двухрадкі і завадных прыпевак. Гарманіст заўсёды быў у пашане. Яго запрашалі на праводзіны, улазіны, заручыны і вяселле. Славіліся майстэрствам і віртуознымі варыяцыямі чачэрскія музыкі ў сябе на малой радзіме і за яе межамі. На шматлікіх конкурсах і фестывалях яны дэманстравалі зайздросны спрыт і заліхвацкую ігру. Нашы гарманісты займалі прызавыя месцы ў абласных і міжнародных фестывалях народнай музыкі «Іграй, гармонь!», «Звіняць цымбалы і гармонік», «Беларусь, мая песня», «Гармонік збірае сяброў», конкурсах прыпевачніц і інш. Колькі імпэту, творчага задору і весялосці было падчас правядзення рэспубліканскага фестывалю народнага танца «Беларуская полька»! Дзясяткі калектываў з усёй Беларусі, прыхапіўшы настрой, пазітыў і ручную «хромку» танчылі, білі ў бубен, праслаўляючы народную мудрасць, традыцыйны фальклор і мудрую матчыну песню. У святы і буднія дні пералівы жытомірскай «Марычкі» ці вырабленага пад заказ гармоніка ліліся з высокай сцэны, ад вясковай прызбы, з веснічак падворкаў чачаран. Віртуозныя музыкі ігралі ад душы, з мудрагелістымі пераборамі гузікаў. Пад той акампанемент людзі спявалі, танчылі і плакалі…

Народны калектыў народнай песні і музыкі «Чачэрскі гармонік» за дзясяткі гадоў аб’ездзіў усю Беларусь, пабываў на шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Чачэрскія артысты сталі лаўрэатамі і дыпламантамі шматлікіх конкурсаў і творчых іспытаў, ім пашчасціла гасцяваць у Генадзія Завалокіна і ўдзельнічаць у яго аўтарскай тэлеперадачы «Іграй, гармонь». Каштоўны ўклад у адраджэнне народнай спадчыны і захаванне мясцовых звычаяў і абраднасці ўнесла былая прыпевачніца і баечніца Марыя Трафімава. А спрытным рукам гарманістаў Любові Галубіцкай і Васіля Казлова дзівіліся ад малога да вялікага. Яны і зараз уражваюць сваім мастацкім каларытам і задорам.

Былы загадчык Глубочыцкага Дома культуры Пётр Гербаносенка з музычным інструментам «Тульская» і галасістымі салісткамі мясцовага фальклорнага гурта стаў першаадкрывальнікам рэспубліканскай тэлевізійнай перадачы «Запрашаем на вячоркі». Калектыў у свой час налічваў звыш 40 чалавек: родзічы, вяскоўцы, настаўнікі. Усё жыццё побач з ім была яго верная спадарожніца – жонка Марыя Іванаўна. Ва ўнісон мелодыі гармоніка яна шчодра і рытмічна, «ад локця» біла ў бубен са званочкамі.

У галіну культуры Аляксандр Курдзюмаў прыйшоў у 1977-м. Каля двух дзясяткаў гадоў узначальваў Матнявіцкі СК, стварыў там аматарскае аб’яднанне «Радуніца», дзіцячы гурт «Ходзікі» і вакальны калектыў «Матнявіцкія весялухі». Акампанаваў народнаму калектыву «Чачэрцы», доўгі час якім кіруе яго дачка. З Ірынай – чачэрскай Людмілай Зыкінай – неаднойчы выступаў перад публікай. Сямейны дуэт дарыў настрой і вытанчанасць вакалу на сцэне, натхняў на працоўны рытм і падбадзёрваў работнікаў сельскай гаспадаркі на мехдвары і ў полі.

Пра жыццё, хлеб, любы край і дарагую вёсачку ў аўтарскіх лірычных і жартоўных творах выказвае свае пачуцці да роднай Бацькаўшчыны апантаны гарманіст Пётр Біжуноў. Ён не аднойчы выклікаў авацыі і падкрэсліваў непераўзыдзены талент і прыроднае дараванне. Палымяны бабіцкі музыкант лёгка водзіць пальцамі па галасавых планках інструмента. Званне безумоўнага віртуоза Гомельшчыны ён аднойчы пацвердзіў на рэгіянальным свяце «Траецкі карагод» у Ветцы. Пётр Сямёнавіч і сёння ў страі – акампануе нісімкавіцкаму калектыву «Весялуха», удзельнічае ў творчых выездах агітбрыгад.

Музыкант-самародак Васіль Карпоўскі, раўняючыся на гарманістаў братоў Пятра і Івана, пачаў шліфаваць сваё майстэрства ўжо з 6 гадоў. Разам з бацькамі хадзіў на вясковыя клубныя спеўкі. Пакрысе, упарта і настойліва авалодваў навыкамі ігры на двухрадцы, пакуль тая яму не паддалася. Доўгі час акампанаваў народнаму калектыву народнай песні, музыкі і танца «Лёс», быў яго кіраўніком. Навучаў падлеткаў асаблівасцям танцавальнага мастацтва. Імправізуючы, яскрава і каларытна ствараў атмасферу свята. Шырокі музычны дыяпазон і прыроджаныя здольнасці Васіля трапна і цалкам дапаўнялі шматгранную мазаіку каштоўнай скарбніцы музычна-песеннага багацця краю.

Акампаніятар валосавіцкага гурта «Ажына» Павел Клімянкоў не раз заваёўваў дыпломы і граматы за шыкоўнае індывідуальнае выступленне. А зычныя галасы жанчын калектыву гарманічна зліваюцца з пералівамі гаварлівага гармоніка, на якім шмат гадоў весяліць народ мясцовы самародак.

Сціх на вёсцы гармонік, пагукі двухрадкі патанулі ў акеане сучасных эстрадных варыяцый пад караоке і музычны сінхранізатар. Чачаране ўжо не скачуць «Падыспань» і «Кракавяк», «Польку» і «Страданне». Перавяліся аматары ігры на ручным гармоніку, моладзь выбірае больш папулярныя накірункі творчага развіцця і духоўнага свету. Сёння фарміруюць культуру раёна і славяць чачэрскі край пазітывам творчыя калектывы «Чачэрцы», «Вербіца», «Меркулавіцкія вячоркі», «Лілея», «Чачэрская лютня», «Свой стыль» і іншыя. Поруч з дарослымі дэманструюць феерверк таленту падлеткі, юныя салісты і танцоры. І, хоць гэтыя захапленні не менш неабходныя, крэатыўныя і цікавыя, якія дапамагаюць юнакам і дзяўчатам раскрыць мастацкія здольнасці, стварыць свой імідж і ўмацаваць індывідуальнасць, іншы раз душа так прагне свайго – роднага, блізкага. Дзякуй усім, хто дарыў нам асалоду музычных шэдэўраў, і тым, хто і сёння праз мелодыю гармоні зберагае Бацькаўшчыну, раскрывае народную мудрасць і прыгажосць мясцовых традыцый.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика