СА СТАНОЎЧЫМІ ЭМОЦЫЯМІ

Сезон актыўнага адпачынку працягваецца. Так, на мінулым тыдні ў абласным турыстычным злёце сярод падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх раённых аддзелаў унутраных спраў прымалі ўдзел і сямёра рабят з Чачэршчыны. Суправаджалі іх начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Вольга Дарафеева і інспектар ІПН Юрый Малюцін. Збіраліся ўдзельнікі ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў ва ўрочышчы Вясліднае Лельчыцкага раёна на беразе ракі Уборць. Мерапрыемства было прысвечана Году роднай зямлі. Конкурсы надта не здзівілі і не збілі з толку, тым больш, што рыхтаваліся да іх загадзя. Спартыўнае арыентаванне, конкурсы турыстычнай падрыхтоўкі і турыстычнай песні цяжкасцей не выклікалі, ды і газету пад традыцыйнай назвай “Будні злёту” рабілі з задавальненнем і лёгкасцю. А вось ў конкурсе “Казачны свет”, які быў аб’яўлены непасрэдна на турзлёце, давялося паспрабаваць свае сілы ў імправізацыі. Каманда стварала кліп на дзіцячую песню “В траве сидел кузнечик”. Творчыя намаганні рабят атрымалі дастойную адзнаку журы: кліп прызнаны адным з лепшых. У выніку ў агульнакамандным заліку чачаране занялі трэцяе месца сярод 20 каманд.
– Удзел у конкурсе быў бы немагчымым, каб не спонсарская падтрымка аддзела адукацыі райвыканкама. Вялікае ім дзякуй за прадастаўлены аўтобус. А мы сваю перамогу прысвячаем нашаму роднаму гораду ў яго юбілей, – падкрэслівае Вольга Дарафеева.
Дадому рабяты вярталіся з кубкам і майкамі ў якасці прыза, а яшчэ за перамогу ў асобных конкурсах салодкія пачастункі атрымалі і пісьмовыя прыналежнасці, дыпломы. Але найлепшым падарункам, безумоўна, стаў, шэраг станоўчых эмоцый.
– Задавальненне на 2 гады атрымалі, – смяюцца.
Але не прайшло і тыдня, як хлопцы паспяшаліся ў аддзел па справах моладзі за новымі прапановамі – цяпер правядзенне цікавых мерапрыемстваў без свайго ўдзелу не ўяўляюць.
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика