СУМНЫЯ СПРАВЫ

Прыдарожны сервіс – гэта той накірунак абслугоўвання, ад якасці якога ў гасцей раёна складваецца першае агульнае ўражанне аб становішчы гандлю на Чачэршчыне. Наколькі ж адпавядаюць гандлёвыя прадпрыемствы шэрагу дзеючых патрабаванняў?
На вялікі жаль, магазіны райспажыўтаварыства мелі не самы прывабны выгляд на момант праверкі, якую праводзілі супрацоўнікі райЦГіЭ 22-23 ліпеня. У Меркулавіцкім кафэ “Адпачынак” камбіната грамадскага харчавання ні ў адным з халадзільнікаў не знайшлося кантрольнага тэрмометра. Не назіралася парадку ў захоўванні харчовых тавараў. А на кулінарную прадукцыю і кандытарскія вырабы прадавец так і не змагла знайсці суправаджальныя дакументы і маркіровачныя ярлыкі. У працаўніцы прылаўка адсутнічала і кніжка медыцынскага агляду. Гэта значыць, што санітарны мінімум жанчына не праходзіла. У магазіне не створаны ўмовы для захоўвання ўборачнага інвентара і спецвопраткі (куртка і іншыя ўласныя рэчы прадаўца знаходзіліся каля прылаўка) .
Завітаўшы ў размешчаны побач магазін райспажыўтаварыства, правяраючыя зрабілі выснову, што і тут далёка не ўсё ў належным стане. Як і ў кафэ, не было кантрольных тэрмометраў у халадзільных устаноўках. Кандытарскія вырабы паступілі ў рэалізацыю без сертыфікатаў якасці і маркіровачных ярлыкоў. А ў падсобным памяшканні, вобразна кажучы, усё змяшалася: і харчовыя тавары, і прамысловыя.
Гандлёвыя прадпрыемствы вёсак Покаць, Валосавічы і Палессе сустрэлі прадстаўнікоў райЦГіЭ антысанітарыяй і жудаснай колькасцю мух. Рамонты памяшканняў, аб неабходнасці якіх ужо даўно ідзе размова, не выкананы. Да таго ж, была выяўлена прадукцыя са скончаным тэрмінам годнасці.
Палескі магазін таксама мала чым парадаваў. Тут працякае дах. А без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць, знайшлося 3 кг свіной грудзінкі, па 1 кг вэнджаных кількі і мойвы.
Такія адносіны да працы недапушчальныя. Тым больш, кожны прадавец ведае, што ў летні час дрэнныя ўмовы гандлю могуць прывесці да росту распаўсюджвання кішэчных інфекцый.
Ірына ЧУЯНКОВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика