НА ВЕТРАЗЯХ ЧАСУ

цйквфыавыДзверы двухпавярховага будынка гарадскога Дома культуры сёння на замку – культасветустанова знаходзіцца на рэканструкцыі, якая, на жаль, зацягнулася.  Але некалі сюды няспынным патокам ішлі аматары чытання, у танцавальнай зале праводзіліся шматлікія масава-забаўляльныя мерапрыемствы і тэматычныя вечарыны.
Першая цагліна ў падмурак ГДК лягла ў  30-я гады мінулага стагоддзя, а ў 1938 работнікі культуры адзначылі наваселле. Як сведчаць старажылы, пачаткова клуб значыўся як Дом пралетарскай культуры. Потым установу перайменавалі, і вялікія літары на фасадзе былі зафарбаваны. Акрамя вечароў адпачынку і аматарскіх аб’яднанняў на другім паверсе дзейнічала бібліятэка з чытальнай залай, загадчыкамі якой былі ў розныя гады Яўгенія Плюшчава і Эмануіл Дворкін. У Вялікую Айчынную памяшканне клуба немцы выкарыстоўвалі як месца агульнага збору моладзі для адпраўкі ў Германію, прыстасавалі пакоі пад складзіраванне прадуктаў харчавання і баявых трафеяў, круцілі нямецкія фільмы. Пасля вайны зноў аднавілася работа раённай бібліятэкі. Для абслугоўвання вясковага насельніцтва быў створаны спецыяльны аддзел (загадчыца Ганна Скіданенка), у якім паслугі абанентам на вёсцы прапаноўвалі 15 перасоўных  бібліятэк.
Аднак асноўнай функцыяй клуба была арганізацыя вольнага часу.  Сем’ямі жыхары горада і вяскоўцы прыходзілі на прагляд кінастужак. На другім паверсе знаходзілася кінапраекцыйная, адкуль ажыццяўлялася дэманстрацыя мастацкіх фільмаў. На дзіцячыя сеансы прапускаў гледачоў і даваў дазвол на ўваход білецёр Зільберг. А вечарам да ГДК падцягвалася моладзь і людзі старэйшага ўзросту. Часта аматарам шырокага экрана ў глядзельным салоне не хапала месца. Пасля ж кінасеанса пачыналася дыскатэка. Доўгі час стаяла на “вахце законнасці” каля дзвярэй танцзалы Марыя Фёдараўна Бабкунова. Строгага і прынцыповага кантралёра моладзь называла проста, па-свойску – баба Маня. І кожны ведаў, што праскочыць міма яе прыдзірлівага вока “зайцам” немагчыма. Але іншы раз жанчына праяўляла лаяльнасць і бліжэй да завяршэння танцавальнага вечара дазваляла хлапцам і дзяўчатам вольны доступ. Для правядзення разнастайных фэстаў шырока выкарыстоўвалася і пляцоўка каля ГДК. Некаторыя чачаране і цяпер памятаюць іскрамётныя дні падчас Маскоўскага фестывалю моладзі і студэнтаў у сярэдзіне 1950-х гадоў. А як выбівалі на асфальце каленцы народных побытавых танцаў удзельнікі фестывалю фальклорнага свята “Беларуская полька”! Нямала светлых уражанняў засталося ў жыхароў горада ад сустрэчы з артыстамі японскага калектыву “Мандзюсякі” і “Мамай Розай”, якія прыязджалі ў пацярпелы ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раён з дабрачыннай акцыяй. Некаторыя мерапрыемствы, што праходзілі на сцэне, агучваліся спецыяльнай апаратурай з вышыні балкона, нярэдка ў выхадныя там выступаў гарадскі духавы аркестр.
З гарадскім Домам культуры ў жыхаркі райцэнтра Ніны Пятроўны Арсенцьевай звязаны сумныя ўспаміны. На будаўніцтве клуба працаваў яе дзядька Рыгор Сямёнавіч Лімантаў. Работнікам, у тым ліку і яму, выдалі для пашыву сарочак  некалькі метраў матэрыі на манер ваеннай уніформы. Калі ў Чачэрск прыйшлі немцы, дзядзьку і яшчэ некалькі чалавек у такім адзенні палічылі за савецкіх салдат, схапілі і растралялі.
Так працякала ў Доме культуры культурная плынь. Калі ж тут зноў загарацца сафіты і адновіцца работа клубнай установы, пачнецца чарговы вадаспад інфармацыі для папаўнення гістарычнай капілкі нашага слаўнага старажытнага горада? А зараз будынак ГДК знаходзіца ў рэжыме вымушанага спакою.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика