ПАЛЫМНЕЮЦЬ КВЕТКІ ЎДЗЯЧНАСЦІ

Яшчэ ў дзяцінстве  неаднойчы чуў слова “Лапаціна”. Асабліва часта паўтаралі яго салдацкія ўдовы, седзячы летнім вечарамПокалюбичи на прызбе: “А мой жа галованьку  пад Лапаціна паклаў,” – скрушна гаварыла одна. “Ды і мой, толькі ў войска забралі, там жа загінуў”, – дзялілася невясёлымі думкамі другая.  І пачыналіся ўспаміны пра маладосць, пра провады мужоў на вайну, якая і адабрала іх у яшчэ поўных сіл і красы вясковых маладзіц, пазбавіла дзяцей бацькоўскага клопату.  Колькі было выплакана слёз удовамі, нікому не вымераць. Нямымі сведкамі іх гора былі толькі мокрыя падушкі бяссоннымі начамі. Цяжка падымалі салдаткі сваіх дзяцей на ногі, і тыя бяседы на прызбах для іх былі хоць нейкім суцяшэннем і надзеяй на лепшае.
Вядома, з-за свайго малога ўзросту я не мог тады ўцяміць, спаўна адчуць і зразумець горыч страт, але слова “Лапаціна” чамусьці  трывала засела ў памяці. І вось  праз дзесяткі  гадоў як паэт еду з калегамі па пяру на літаратурную сустрэчу з вучнямі Лапацінскай школы. Адразу кінулася ў вочы дагледжанасць вёскі, усюды чысціня, кветкі.  А мяне нібы токам працяла думка: тут жа падчас вайны  змагаліся з ворагам  і загінулі многія  мае землякі. Іду да помніка, але мясцовыя жыхары растлумачылі: было перазахаванне  ўсіх. Астанкі перавезлі на мемарыял у цэнтр Савета вёску пакалюбічы, што ў дванаццаці кіламетрах ад Гомеля.
Раней журналісцкія  клопаты шмат разоў  прыводзілі ў гэтыя мясціны, на радзіму слыннага дзіцячага пісьменніка Івана Сяркова, з якім  пашчасціла працаваць у абласным тэлерадыёаб’яднанні. Але, калі ўпершыню  наведаў мемарыяльны комплекс у Пакалюбічах, пачаў уважліва ўчытвацца ў знаёмыя, уласцівыя нашай мясцовасці прозвішчы: Болсун аляксей Якаўлевіч, Болсун васіль Сямёнавіч, Болсун міхаіл Кузьміч, Болсун Ігнат Лаўрэнавіч, Болсун Іван Піліпавіч, Гарбачоў Іван Федаравіч, Зубараў Васіль Маісеевіч, Куцакоў Міхаіл Яфімавіч, Маркаў Петр Іванавіч, Міхалькоў васіль Фядосавіч, Паўлюкоў Ісак Прохаравіч, Пісарэнка Васіль Фядосавіч, Пісарэнка Петр Абрамавіч, Хайкоў Дзмітрый Маркавіч, Хішчанка Міхаіл Елісеевіч. Дарэчы, прозвішча Хішчанкі М.Е., ураджэнца былога пасёлка Палам Палесскага сельсавета, з’явілася на мармуровай пліце  толькі ў 2011-м годзе, праз 68 гадоў пасля гібелі салдата. На працягу многіх гадоў шукаў месца ўвекавечвання памяці бацькі яго сын, жыхар Санкт-Пецярбурга Мікалай Міхайлавіч. Яго настойлівасць прынесла вынік, імя дарагога чалавека ўвекавечана (на здымку). На плітах мемарыяла нанесены таксама прозвішчы былых салдат не толькі з палесся, але і суседніх вёсак: Рудні-Барталамееўскай, Сідаравіч, пасёлкаў  Перадавік,  Слабодка і іншых.
Жорсткія баі ішлі на подступах да Гомеля восенню 1943 года. Аб гэтым сведчыць тое, што пераважная большасць нашых страт пад Лапаціна  прыпадае  на 22-24 лістапада, а праз два дні  26  лістапада  1943 года ў баях за вызваленне вёскі Пакалюбічы загінула 518 воінаў. У 1959-м годзе ім пастаўлены помнік – скульптура воіна, а на плітах  нанесены прозвішчы загінуўшых. Жыццё 300-х ураджэнцаў гэтай вёскі абарвалася ў іншых месцах, на розных франтах Вялікай Айчыннай. Ім у 1967-м годзе   пастаўлены помнік – скульптурная кампазіцыя воіна і жанчыны, а таксама пліты з імёнамі загінуўшых  за вызваленне Гомельскага раёна. З вёскі Лапаціна тут было перазахавана  больш 80-ці воінаў, у іх ліку і ўраджэнцы  Чачэршчыны.
…Стаю каля мемарыяла, на якім ярка палымнеюць кветкі, чытаю і перачытваю  прозвішчы на плітах, і горла сціскае камяк горычы, боль страт, вейкі міжволі арашае сляза, а вусны бязгучна шэпчуць: «Добры дзень, землякі. Я вас не ведаў, але з вашымі дзецьмі рос, жыў, працаваў у вёсцы. Яны ўжо самі сталі дзядулямі, гадуюць вашых унукаў і праўнукаў. Дзякуй і нізкі паклон вам, што не спасавалі перад суровымі выпрабаваннямі, змагаліся з ворагам да апошняга і пайшлі ў бессмяротнасць».

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика