У СОЙКАХ СПЯВАЛА ЖЫЦЦЁ

IMG_8189Як і большасць вёсак раёна, пасёлак Сойкі бярэ выток свайго жыцця ў пачатку ХХ стагоддзя. На новыя пашы, на свежыя зямельныя надзелы людзі пераязджалі, каб затым пабудаваць і новае будучае. А пачыналася ўсё з малага – са стуку сякеры, з вясёлага гоману. У 20-я гады мінулага стагоддзя тут адчуваўся найбольшы тэмп узвядзення жылля. Яго будавалі на раскарчаваных участках лесу. Пні, як успамінае ўраджэнка пасёлка Ніна Мінаўна Цімохава, якія засталіся пасля вырубкі, былі ў два абхопы. У час вайны дзеці лажыліся на іх і такім чынам, па разуменню малых, хаваліся ад варожых самалётаў.
Хутка  пасяленне  засялілі  26  сем’яў, а потым вясковая вуліца яшчэ крыху падоўжылася. Назву населенаму пункту далі Сойкі, бо дужа шмат на той час вадзілася тут гэтых прыгожых лясных птушак. На кожным падворку рычэла хатняя жывёла, мелася цяглавая сіла, а ў хатах на печы, за грубай, на канапе крычалі і бавіліся ў няхітрыя дзіцячыя гульні малыя: па 4-5 басаногіх гарэзаў у сям’і. Калі паспявалі сады, яны набівалі свае пустыя страўнікі зялёнымі яблыкамі, чырвонай парэчкай і салодкімі клубніцамі. А потым выганялі на пашу табуны гусей, падстаўлялі белыя жываты пад гарачыя промні і прымалі сонечны загар. Дзядзька Рыгор Сафонаў частаваў мурзатую каманду цёплым ліпавым мёдам, баба Сашачка з суседняй Беліцы, што пачыналася адразу за ваколіцай, зашэптвала хворых ад уроку і нарадкі, лячыла малітвай і калодзежнай вадой ад спалоху.
– У нас на пасёлку п’яніц не было. Людзі жылі мірна, хоць і бедна. Піць – пілі, але на работу хадзілі спраўна, пад праслам не валяліся, – расказвае мясцовая жыхарка Надзея Васільеўна Мельнікава. – І на танцы бегалі, і ў свята збіраліся. Асабліва шырока адзначалася Мікольшчына. Узімку і чарка душу сагрэе, і добрая песня пацешыць. Спявалі жанчыны і за кроснамі. Ткацкі станок на той час быў каштоўней за хлеб. …Цяпер няма ў каго нават хлеба пазычыць. Толькі я з мужыком ды Аляксандр Кондрусеў – вось і ўся бяседа. Праўда, у Навухавічах яшчэ жыве Прося Сціпанцова. А так, амаль што ўсё старажылы выехалі адсюль і памерлі. Не так даўно схавалі цётку Домну. А больш за ўсіх сярод нашых вяскоўцаў пражыла Матруна Сямкова – ёй, здаецца, 106 гадкоў было. Яна колісь мяне бабіла, пуп адразала.
На ўездзе ў Сойкі яшчэ відаць скупыя адбіткі былога пульсуючага жыцця вяскоўцаў – разваліны старой малочна-таварнай фермы на 200 галоў дойнага статка. Калісьці сюды хадзілі на працу даяркі Зінаіда Сямкова, Святлана Цімохава, Аляксандра Каюкова, Марына і Ніна Цімохавы, і інш. Быў у Сойках і водаправод. Бялізну гаспадыні мылі ў копанцы, самі ж хадзілі “за парай” у лазню, часта да суседа (яны ў каго былі драўляныя, а бацька Н.В.Мельнікавай прыстасаваў для гэтага зямлянку). Неслі з сабой дровы, свежыя бярозавыя венікі, дапамагалі наліваць ваду.
…Не дробіць больш зярняты, пайшоў на дровы стары вясковы вятрак. Перасохлі балацянкі. Ціха і бязлюдна ва ўрочышчы Бярозаўка, не пасвіцца жывёла на Выгарцы, не звіваюць дзяўчаты валошкавых вянкоў на Крывым полі, перасохла вада ў балоцістай Падмаскоўцы, дзе калісьці кошыкамі дзеці і жанчыны збіралі маліну. І толькі па-ранейшаму, як устане заранка, калі прачнецца росны луг з пузатымі чмялямі, аздобіць шматгалоссе чэрвеньскай раніцы тоненькі галасок лясной сойкі: “Ціў-ціў, жыццё працягваецца!”

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика