Мы зможам усё, калі будзем разам

Чачаране прайшлі іспыт на закалку, вынослівасць і спрыт

Прысвечаны Году народнага адзінства спартыўны праект «Мы можам!», які стартаваў на Гомельшчыне 17 жніўня, паклікаў на свята азарту і бадзёрасці чачэрскіх прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Нішто так не яднае, як сумесная работа, карысны адпачынак і, канешне ж, вясёлыя конкурсы і спартыўныя гульні. Гэта яскрава паказала мінулае мерапрыемства, што развярнулася на стадыёне чачэрскай ДЮСШ.

На праверку нарматываў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу прыйшлі і моладзь, і людзі сярэдняга ўзросту. Прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Чачэршчыны прыхапілі з сабой не толькі добры настрой, але і вялікае жаданне паказаць свой спрыт, вынослівасць і, галоўнае, пачуццё еднасці і згуртаванасці. Рознакаляровыя сцягі, паветраныя шары, усмешкі і пазітыў падмацоўвалі імкненні спартсменаў да перамогі. Удзельнікаў іспыту падбадзёрвалі балельшчыкі, а калі камусьці не ўдавалася дасягнуць спартыўнай вышыні, не бяда. Важна іншае – у тую хвіліну ўсе аб’ядналіся, былі плячом да пляча, у адным парыве і на хвалі аптымізму.

Такія масавыя святы надаюць упэўненасці ў нашай агульнай сіле, сацыяльнай згоде, салідарнасці і нацыянальнай супольнасці. Мы гатовы агульна ісці насустрач новаму і нязведанаму, берагчы нашы традыцыі, культуру і звычкі, памнажаць дасягнутыя працоўныя і творчыя поспехі, паказваць прыклад патрыятызму і вернасці роднай зямлі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика