Дружная каманда отарскіх аграрыяў завяршыла ўборку збожжа

У гэтым сяльгаспрадпрыемстве заўсёды адны з самых высокіх паказчыкаў працоўнага спаборніцтва і вытворчых дасягненняў. Усё таму, што рабочы рытм наладжваўся гадамі, пераймаліся перадавыя метады і тэхналогіі, а людзі ведаюць кошт кожнаму светлавому дню і кожнаму вырашчанаму зярнятку. Залатая ніўка адчувае чалавечы клопат і дае багатыя плады. А ўраджайнасць збожжавых сёлета, нягледзячы на спякотнае і засушлівае надвор’е, неблагая – 48,5 цэнтнера з гектара, лепшая ў раёне. Цікава, што ўсе экіпажы камбайнаў «Отара» дасягнулі ў гэтым сезоне 1000 тон намалоту. А вал па прадпрыемству склаў 7081 т.

– Ад усёй душы хачу падзячыць калектыву за сумленную плённую працу, – падводзячы рысу ўборачнай кампаніі гаворыць дырэктар гаспадаркі Таццяна Струк. – Дзякуй людзям, што стараліся на ўсіх этапах вытворчасці і збераглі не толькі пасевы, але і сваё здароўе, не падвялі ў адказную хвіліну. Удзячна зямліцы нашай за ўрадлівасць, небу за светлыя раніцы, а Богу, што даў магчымасць справіцца ў тэрмін. Прыемна, што не пакінулі без увагі хлебаробскія будні раённыя ўлады, грамадскія аб’яднанні і ўстановы культуры. Нізкі паклон тым, хто прыйшоў на дапамогу і гэтым летам быў разам з намі ў полі, за рулём тэхнікі, на зернетаку. Няхай у вашых сем’ях пануюць згода, мір і дабрабыт, вочы поўняцца шчасцем, а хата – смехам дзяцей і пахам свежага хлеба. Наперадзе ў вяскоўцаў яшчэ шмат работы. Неабходна вызваліць палеткі ад саломы, апрацаваць глебу і зноў брацца за сеялкі – азімыя культуры ўжо чакаюць. А тут і другая касавіца не за гарамі. На перадых так мала часу. Але добрае слова і ўвага заўсёды дарэчы для духоўнай падтрымкі перад новым рыўком бясконцага круга сельскагаспадарчых турбот.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика