Заснавальнік і першы дырэктар музея Яўгенія Антонаўна Шыпенка

Заснавальніку і першаму дырэктару гісторыка-этнаграфічнага музея Яўгеніі Шыпенцы 10 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння. Гэту цудоўную жанчыну добра памятаюць многія жыхары краю, бо яна аддала чачэрскай зямлі жыццё, любоў і сэрца.

Нарадзілася Яўгенія Антонаўна ў горадзе Краснадар. Бацька працаваў рэдактарам раённых і абласных сродкаў масавай інфармацыі, а маці ўзначальвала дзіцячы сад. Пасля школы, у 1938-м годзе, яна паступіла ў Мікалаеўскі электрамеханічны тэхнікум.

А неўзабаве грынула вайна. Яўгенія Антонаўна была эвакуіравана ў Саратаўскую вобласць, працавала тэхнікам-нарміроўшчыкам на МТС.
Але бойкая і рашучая дзяўчына не магла раўнадушна глядзець на тое, як фашысцкія акупанты рабуюць савецкую краіну і здзекваюцца над людзьмі. На адным з заводаў яна вылівала снарады і патроны для фронту, уносячы такім чынам свой уклад у перамогу над ворагам. І калі прыйшло вызваленне, вярнулася дадому.

Яе прызначылі тэхнічным сакратаром райкама партыі ў г.Лебядзін Сумскай вобласці. Быў у яе жыцці і адзін з цікавых момантаў– асваенне цалінных зямель у Казахстане, дзе давялося сядзець за рулём трактара.

Так склалася, што малодзенькая Жэня ў 1951-м прыехала на Чачэршчыну. Актыўная, ініцыятыўная, добрасумленная і шчырая, не баялася ніякай работы, гаварыла праўду і не цярпела ляноты. І ў маі 1966 года яе прызначылі старшынёй Захарпольскага, а потым Чачэрскага сельвыканкамаў. Вырашала праблемы вяскоўцаў, дапамагала нямоглым і падтрымлівала адзінокіх. Як галава мясцовай улады,паставіла свой подпіс пад сотнямі пасведчанняў аб шлюбе, заручыўшы на шчаслівую будучыню маладыя сем’і. Заклікала насельніцтва да парадку і любові да сваёй малой радзімы. А тэма вайны для Яўгеніі Антонаўны была свяшчэннай. Таму менавіта яна стала ініцыятарам усталявання за Кавалёвым Рогам помніка баявой славы.Так на раскрэсе дарог на Глубочыцу і Сапрыкі да 40-годдзя Вялікай Перамогі расправілі крылы журавы– сімвал народнага смутку па загінуўшых. На шырокай цаглянай сцяне – выявы салдат, пяціканцовая зорка,словы з вядомай песні Расула Гамзатава і фігура птушкі ў палёце. На жаль, праз некаторы час помнік «Журавы» быў дэмантаваны і на яго месцы ўзнік новы, як напамін пра гераізм і подзвіг савецкага народа ў барацьбе з фашызмам. Стаіць да сённяшняга дня і Курган Славы ў аграгарадку Отар, над будаўніцтвам якога таксама працавала Яўгенія Шыпенка пры дапамозе старшыні калгаса «Сцяг камунізму» Марка Макарава. Улюблёную ў чачэрскія краявіды і прыкіпеўшую душой да нашага краю жанчыну аднойчы ахінула думка – а што, калі б стварыць на багатай культурнымі каштоўнасцямі Чачэршчыне музей. І ў 1990-м стала яго дырэктарам, разгарнула актыўную работу па зборы экспанатаў. Літаральна выпрошвала побытавыя рэчы ў насельнцтва,адшуквала рарытэты ў нежылых домаўладаннях, нешта ахвяравалі сябры і знаёмыя. Людзі самі неслі ў падарунак іконы, прадметы хатняй гаспадаркі. За год Яўгенія Шыпенка правяла 18 пошукавых экспедыцый і папоўніла музейныя паліцы на 8 тысяч адзінак. Фонды музея спачатку захоўваліся ў будынку сучаснага аддзела Следчага камітэта. Затым на працягу трох гадоў у сядзібе графа Чарнышова. Штосьці прымалі на часовае ўтрыманне гараджане. Яўгенія Антонаўна напісала шмат артыкулаў па краязнаўству, ёй напрацаваны шэраг матэрыялаў з гісторыі краю і яго жыхароў. Будучы членам таварыства аховы помнікаў, уносіла значны ўклад па ўвакавечванні памяці савецкіх воінаў. Была старшынёй раённай камісіі «Узаемапаразуменне і прымірэнне», займалася зборам інфармацыі і выпускам першага тома кнігі «Памяць. Чачэрскі раён».Паралельна сачыла за рамонтам гарадской ратушы, аднак наваселле справіць ёй не пашчасціла – сэрца ўгеніі Антонаўны перастала біцца 1 мая 2001 года. Такой яна была – апантанай,справядлівай, неардынарнай, з крутым норавам і адкрытым сэрцам. Вялікі энтузіаст і гумарыст трактарыстка, камсамолка, верны сябар і надзейны таварыш… Усе гэтыя якасці яна выхавала праз выпрабаванні вайной і не менш цяжкай працай, за што і ўзнагароджана медалямі «Ветэран працы» і «За асваенне цалінных зямель», медалём Жукава. Сёння мы ў чарговы раз дзячым Яўгеніі Шыпенцы за ўсё, што зроблена ёй для дабрабыту і працвітання чачэрскай зямлі, па захаванні гістарычнай памяці і патрыятычнаму выхаванню моладзі.
Яна па-ранейшаму сярод нас, у кожным новым музейным экспанаце, у нашых поспехах і перамогах.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика