Юбіляры Чачэршчыны святкуюць 85-годдзе
Свой 85-гадовы юбілей адзначылі 5 мая паважаныя жыхары краю Васіль Зяцікаў з Бяляеўкі і чачаранка Марыя Кавалёва.
Гэтых людзей многія ведаюць і паважаюць за іх працоўныя і чалавечыя якасці, а яшчэ за высокі талент. Напрыклад, Васіля Кузьміча ў вёсцы называюць бяляеўскім Шышкіным. Яго маляўнічыя, яркія і сюжэтныя карціны абуджаюць пачуцці, уражваюць глыбінёй мастацкай думкі і яркімі фарбамі. Для сюжэтаў сваіх работ мастак бярэ за аснову натуральныя пейзажы і вобразы з навакольнага асяроддзя. Першыя пралескі, бярозавы гай, гаманкі струменісты ручай, лупаты месяц у цёмным небе з душой і прафесійным уменнем пакладзены на палатно рукой майстра. Васіль Зяцікаў увесь час жыве каля той прыгажосці, якую малюе, бо хата стаіць на ўскрайку леса з пахучымі верхавінамі соснаў. Яго бацька прапаў без вестак на вайне, памерлі ад тыфу пяцёра братоў і сястёр. А яму было наканавана выжыць. Спачатку працаваў вясковым паштальёнам, а пасля заканчэння Маскоўскага завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў імя Н.Крупскай выкладаў у розныя гады ўрокі малявання ў дзіцячай школе мастацтваў, раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, доўгі час – у бяляеўскай школе. Звыш 40 гадоў з пэнзлікам і фарбамі каля мальберта. І гэта не ўсе яго творчыя здольнасці. Васіль Кузьміч сам асвоіў тэхніку ігры на баяне, гармоніку, балалайцы. Але аддае перавагу любімаму занятку. Раз-пораз на свет нараджаюцца краявіды малой радзімы, магутныя дубы, пярэстыя кветкі ці блакіт нябёсаў. Усё тое, што робіць лёс і думкі мастака напоўненым, узнёслым і змястоўным.
Прымала віншаванні ад былых калег, суседзяў і родных імянінніца Марыя Кавалёва. Жанчына з добрым сэрцам, адкрытай душой і прыемнай усмешкай заўсёды карысталася павагай і прыхільнасцю людзей. Нарадзілася ў вёсцы Чамушаль Кармянскага раёна, працавала на ткацкай фабрыцы. А пасля заканчэння двухгадовай школы майстроў швейнай вытворчасці прыехала па размеркаванні ў Чачэрск. У канцы 1950-х у майстра жаночага адзення апраналіся чачэрскія прыгажуні і самыя пераборлівыя модніцы. Аднак потым Марыя Рыгораўна змяніла прафесію. Атрымаўшы дыплом аб навучанні ў Гомельскім сельскагаспадарчым тэхнікуме была прынята на работу ў інспекцыю дзяржстраху бухгалтарам. Затым яе прызначылі эканамістам, праз пэўны час павысілі да намесніка начальніка арганізацыі, потым яна заняла месца кіраўніка. Пад яе началам працавалі 50 чалавек, планавыя аб’ёмы па страхаванні маёмасці, жыцця і здароўя людзей выконваліся на 100 працэнтаў, за што калектыў неаднаразова адзначаўся ганаровымі граматамі і падзякамі. У самой жа Марыі Рыгораўны ў працоўнай кніжцы больш за паўсотню ўзнагародных запісаў за плён. Цяпер жанчына на заслужаным адпачынку і займаецца кветкаводствам. З вясны і да халадоў у палісадзе яе дома гараць усімі колерамі цюльпаны, прымула, півоні, гладыёлусы, астры і пышныя ружы. Дзеці і ўнукі дораць любімаму чалавеку цеплыню свайго сэрца, радуюць працоўнымі і творчымі поспехамі, берагуць спакой яе душы, што робіць жанчыну па-сапраўднаму шчаслівай.