Беларускі народны касцюм у ляльках-мініяцюрах

У раённым цэнтры рамёстваў, фальклору і этнаграфіі прыступілі да рэалізацыі сацыяльна-культурнага праекта па вывучэнню і адраджэнню чачэрскага народнага адзення.
Фарміраванне нацыянальнага касцюма пачалося яшчэ ў перыяд сярэднявечча. З гадамі ў кожнай мясцовасці, рэгіёне ўтварыліся пэўныя адметнасці ў характары вопраткі, святочнай ці штодзённай. Важнай адзнакай вырабу з’яўляюцца метады аздаблення, своеасаблівасці галаўных убораў, абутку, якія адлюстроўваюць этнічнасць і характар народа, узровень яго культуры, духоўнага і матэрыяльнага жыцця. На Чачэршчыне таксама маюцца свае асаблівыя элементы ў вышыўцы і падборы каляровай гамы. Але ў асноўным яны запазычаныя, палітра фарбаў і кампазіцый мае краснапольскае паходжанне з дабаўленнем мясцовых узораў і арнаменту. Ды і тыя ў большасці забытыя, таму што не ўжываюцца ў побыце і згубілі сваю актуальнасць. Вось і вырашылі работнікі цэнтра вярнуць да жыцця матчыны вышываныя сарочкі і бацькавы кашулі, апрануўшы ў народныя традыцыйныя касцюмы лялек памерам да 50 сантыметраў. А пачалі з вырабу мініяцюрных работ беларускіх касцюмаў ХІХ-ХХ стагоддзяў. Таксама яскрава гавораць аб нашым спрадвечным і старажытным два манекены, апранутыя ў нацыянальны строй адзення, выстаўленыя ў фае ўстановы культуры.
Праект «Нацыянальны касцюм беларусаў» плануюць завяршыць у канцы года і адкрыць музейны пакой, дзе будзе адлюстраваны ўвесь каларыт аднаго з галоўных элементаў этнічнай культуры беларусаў. Бо нездарма лічыцца, што пасля роднай мовы народны касцюм з’яўляецца важнейшай аўтэнтычнай прыкметай. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя традыцыйных мастацкіх рамёстваў і невычэрпная крыніца для новых творчых ідэй.
Дырэктар цэнтра рамёстваў Юлія Фенік звяртаецца да жыхароў краю з просьбай далучыцца да праекта, падзяліцца тканымі рэчамі ці адзеннем, старымі прыладамі вясковага побыту для афармлення будучага музея і тым самым папоўніць каштоўную скарбніцу беларускай этнічнай культуры.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика