Нашы добрыя справы і поспехі табе, чачэрскі край

Завяршаецца аб’яўлены ў краіне Год малой радзімы. Той куточак, дзе ты нарадзіўся і вырас, займае ў сэрцы самае вялікае месца і з’яўляецца самым дарагім. У кожнага з нас свой лёс, але калі мы памятаем пра свае карані, то ўсе свае добрыя справы так ці інакш прысвячаем ёй – малой радзіме, і калі мы засталіся на яе прасторах, і калі жыццёвая дарога паклікала далей – за яе межы.

Каб пранікнуцца веліччу чачэрскага краю разгарніце кнігу «Памяць. Чачэрскі раён». На яе старонках – наша гісторыя і імёны тых, хто подзвігам, стараннай працай, талентам праславіў сваю малую радзіму. Гэта героі Вялікай Айчыннай, лаўрэаты дзяржаўных прэмій Беларусі, заслужаныя дзеячы навукі, педагогі, спартсмены, работнікі медыцыны і гандлю. Іх імёны бессмяротныя, новыя пакаленні чачаран захаваюць іх у сваёй памяці і будуць браць з іх прыклад.

ПРАЦУЮЦЬ
СЯЛЬЧАНЕ НА
ДАБРАБЫТ

Не менш значную задачу выконваюць і нашы працавітыя сучаснікі. А штодзённая работа будуе дабрабыт малой радзімы. І ён ў большасці трымаецца на стараннасці нашых сяльчан. Ганаровы спіс перадавых работнікаў з году ў год папаўняецца. Сярод іх механізатар сяльгаспрадпрыемства «Батвінава» Юрый Болдыраў, які ўдастоены медаля «За працоўныя заслугі». Словы шчырай падзякі мы выказваем усім хлебаробам, даглядчыкам, даяркам – усім, хто рупіцца пра агульнае. Залатымі літарамі ў летапіс краю ўпісаны імёны Сяргея і Міхаіла Мінянковых, Юрыя Батракова і Міхаіла Карнавушанкі, Паўла Анонічава і Алены Партной, Мікалая Брайкова і Віталя Бублікава, Міхаіла Быкоўскага і Любові Верашчака, Мікалая і Ганны Гарбачовых, Анатоля Круглікава і Валянціны Грубавай, Мікалая Коцікава і Наталлі Лімантавай, Фёдара Курбацкага і Фёдара Малашкіна, Сяргея Рослікава і Алены Серыкавай, Ніны Талкачовай і Аляксандра Усава, Анатоля Фаціка і Аляксея Шыльца. Славіцца наша малая радзіма і сапраўднымі гаспадынямі на сваёй зямлі, граматнымі кіраўнікамі паспяховых сяльгаспрадпрыемстваў. Дырэктар ААТ «Отар» Таццяна Струк без малага 40 гадоў у гаспадарцы. Пачынала свой шлях у галіне бухгалтарам. Працавітасць, любоў да сялянскай справы, упраўленчы талент дазволілі ўзняцца па кар’ернай лесвіцы. І вось ужо 22 гады яна вядзе за сабой калектыў. За значны ўклад у адраджэнне сяла удастоена звання заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі, з’яўляецца пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года», мае ўзнагароду Беларускай Праваслаўнай царквы за міласэрнасць, была сенатарам. Сяльгаспрадпрыемства «Отар» было занесена на абласную і некалькі разоў на рэспубліканскую Дошкі гонару.
Яе калега Галіна Трыбунах з ААТ «Звязда» – вядомы на Чачэршчыне і ў краіне чалавек, ганаровы грамадзянін раёна, дэпутат Гомельскага аблсавета дэпутатаў, узнагароджана медалямі «За працоўныя заслугі», «Заслужаны міратворца» і інш. І гэта далёка не ўсе вяршыні, якія пакарыліся нашым мужным і прыгожым жанчынам.

НОВЫ ЎЗРОВЕНЬ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ

Адбыліся добрыя перамены ў галіне медыцыны. Пасля таго, як набыў прывабнасць будынак цэнтральнай раённай бальніцы і медыкі адсвяткавалі наваселле, вялікай падзеяй для насельніцтва стала адкрыццё міжраённага аддзялення гемадыялізу і правядзенне лапараскапічных аперацый. Калектыў бальніцы, галоўны ўрач Андрэй Табанькоў і старшыня прафсаюзнай пярвічкі Яўгенія Родзіч атрымалі дыпломы 1 ступені за ўклад у развіццё галіны аховы здароўя вобласці ў 2019 годзе. Дыпломаў 2 ступені ў сваіх намінацыях удастоены Нісімкавіцкая бальніца сястрынскага догляду і Отарская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. А яшчэ ЦРБ па выніках рэспубліканскага конкурсу за 2019 год прызнана лепшай у Беларусі.

ПОСПЕХІ ВУЧНЯЎ

Пра заслугі чачэрскага краю ў галіне адукацыі можна напісаць трохтомнік. Апошняе с дасягненняў – вучаніца гімназіі Яўгенія Мішына, вучні 1 школы Максім Геўрасёў і Павел Ладзінскі, а таксама матнявіцкая школьніца Алеся Жураўлёва сталі лаўрэатамі прэзідэнцкай прэміі.
Выпускніца другой гарадской школы, залатая медалістка Ганна Гаўрыленка выдатна здала цэнтралізаванае тэсціраванне, набраўшы 391 бал з улікам атэстату з 400 магчымых. І таксама стала ўладальнікам 100-бальнага сертыфікату па рускай мове.
А колькі грамат і дыпломаў прывезлі за гэты час нашы школьнікі са шматлікіх конкурсаў і спартакіяд!

СКАРБНІЦА КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ

Мае глыбокія карані і культурная спадчына раёна, чачаране беражліва захоўваюць мясцовыя традыцыі і аўтэнтычнасць. Да нас прыязджаюць госці з іншых гарадоў і суседніх рэспублік, каб прыняць удзел у этнічных абрадавых дзеях земляробчага календара «Пахаванне стралы», «Ваджэнне куста», «Яблычны Спас», «Велікодны фестываль», «Мікольская свяча», «Благавешчанне». А бабіцкі цэнтр ткацтва, батвінаўскі музей хлеба і залескі музей яйка наладзілі трывалы турыстычны маршрут да парога культустаноў. Гэтыя аб’екты занесены ў «Малае кальцо Чачэршчыны». А дзе вы яшчэ знойдзеце такіх маладых, энергічных, завадных пенсіянераў, як не ў аддзяленні дзённага прабывання для пажылых цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва! Яны усюды: і ў спорце, і ў танцах, і на раённых мітынгах, і ў валанцёрстве. Ветэранскі хор «Жывіца» нікога не пакіне абыякавым, іх песні – мудрасць чалавечага жыцця. Вясной калектыў адзначыў 10-годдзе ўтварэння. Наша залатая моладзь не аднойчы станавілася пераможцам у рэгіянальных і абласных конкурсах «Каму за…», «Не старэюць душой ветэраны» і іншых. Таксама грыміць дзіцячымі галасамі на ўсю краіну вакальная эстрадная ўзорная студыя «Дзеці сонца» пры раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
Паэтычным словам услаўляюць непаўторнасць родных мясцін выхадцы краю – паэты, пісьменнікі, артысты. У Гомельскім абласным драмтэатры больш за паўстагоддзя радуе талентам гледачоў заслужаная і народная артыстка Беларусі Людміла Корхава-Лаўрыновіч. Часты госць на Чачэршчыне ўраджэнец Балсуноў, ганаровы член Саюза пісьменнікаў і член Саюза журналістаў, ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна – паэт Міхась Болсун. Яго вершы наскрозь прасякнуты любоўю да роднага краю, успамінамі аб ваенным дзяцінстве і настальгіяй пра маладосць. Ён выдаў некалькі зборнікаў твораў, апошні з якіх «Роднае, блізкае».
Вось такая яна – наша малая радзіма Чачэршчына, калыска таленту і працы, наш агульны дом і шумлівая плынь.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика