Дояць і кормяць буронак з душой

На матнявіцкай ферме статак рагуль на 717 галоў тройчы на дзень дояць 10 асноўных і 2 падменныя аператары машыннага даення.
У адной сцэпцы шчыруюць на карысць гаспадаркі і раёна Наталля Халяўкіна і Лідзія Жлоба. Жанчыны маюць багаты вопыт работы ў жывёлаводстве, не раз заахвочваліся мясцовым і раённым кіраўніцтвам за высокія паказчыкі. Лідзія Віктараўна ў гаспадарцы з 1986 года, пастаянна выходзіць у лідары па вытворчасці малака, дабіваецца поспехаў у раённых спаборніцтвах. Па выніках працоўнай дзейнасці за 2014 год яе імя было занесена на раённую Дошку гонару. Здабываючы белае золата да нашага стала, жанчыне давялося атрымаць сярэдні ўдой на адну фуражную карову 597 кілаграмаў. Адной з лепшых у раённым спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення станавілася і яе калега Наталля Халяўкіна. Каля кароў яна ўжо амаль 15 гадоў, заўсёды ў авангардзе калектыву, узнагароджвалася грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі. Сёння пад наглядам матнявіцкіх працаўніц 270 кароў, ад якіх яны атрымліваюць 95 тон валу малака ў месяц.
– Прыемна, што ў нас ёсць такія старанныя і руплівыя людзі, на якіх можна спадзявацца, – гаворыць загадчыца фермай Таццяна Жураўлёва. – На іх трымаецца гаспадарка, мы імі ганарымся. Але ж таксама добрых слоў заслугоўваюць Галіна Мельнікава, Святлана Добжыкава, аператар па кармленні дойнага статка Мікалай Мельнікаў і загадчыца складам Людміла Серыкава. Па выніках работы за мінулы год яны адзначаны граматамі абласнога і раённага ўзроўняў. Наогул, у нас дружны калектыў. З ім можна ўпэўнена вырашаць любыя задачы і дабівацца поспеху.
Трэба сказаць, што і сама Таццяна Мікалаеўна чалавек не раўнадушны, добразычлівы, адказны. На пасаду загадчыцы МТФ прыйшла яшчэ ў 2013 годзе. Па пэўнай прычыне звольнілася з работы, але затым зноў прыступіла да выканання сваіх службовых абавязкаў. Рупіцца пра надоі і прывагі, сочыць за правільным рацыёнам кармлення пагалоўя і клапоціцца, каб члены калектыву мелі здавальняючыя ўмовы працы. Хоць дасягнуць жаданага атрымоўваецца не заўсёды, аднак матнявіцкія жывёлаводы не апускаюць рук і стараюцца кожны на сваім месцы.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика