АПТЫМІЗМ ДАПАМОЖА?

Дваццацічатырохгадовы Іван Васільевіч Самусенка амаль тры месяцы назад змяніў пасаду брыгадзіра вытворчага ўчастка сучаснага ААТ “Отар” на месца кіраўніка гаспадаркі і, прабачце, не перадавой у раёне, а… КСУП “Палессе”. Кар’ерны рост, вядома, справа прыемная, але ў ёй шэраг выбыткаў. Адказнасць за вялікі калектыў, небагатая матэрыяльная база сельгаспрадпрыемства. А непрывабны выгляд многіх вытворчых памяшканняў хоць і згладжваецца прыемным пейзажам палескага краю, але ж палюбавацца ім часу амаль не знаходзіцца. Гаспадарка ж тут невялікая: сельгасугоддзі складаюць 3,8 тысячы гектараў, з іх 1,4 тысячы – пад раллю. Але кожнаму кавалачку зямлі патрэбны ўважлівы догляд, як падначаленым – упэўненае слова.
Як жывуць і працуюць людзі ў гаспадарцы, за некалькі гадзін не разгледзіш. Але ж… У сезон корманарыхтовак пакуль план выконваецца. Хоць першапачаткова некалькі дзён запар і без таго нізіннае “Палессе” знаходзілася пад моцнай дажджавой атакай. Гэта стварала сур’ёзную перашкоду для нарыхтоўкі зялёнай масы. Але ўсё ж план па нарыхтоўцы сенажу выканалі своечасова. Акрамя адной сенажнай ямы з першага ўкосу траў закрыта і сіласная. Вядзецца рамонт тэхнікі, у разгары падрыхтоўка да ўборачнай. Чатыры камбайны маецца ў сельгаспрадпрыемстве, адзін з якіх новы. Для нарыхтоўкі кармоў прычапных агрэгатаў хапае. Праблема з недахопам трактароў. Амаль усе старыя. А з энерганасычаных увогуле толькі адзін. Аналагічная сітуацыя і з галоўнымі спецыялістамі – з іх толькі галоўны інжынер. Кіраўнік (звычайная справа ў “Палессі”) – і намеснік, і аграном, і заатэхнік. “За ўсім адзін не ўгледзішь”, – перажывае Іван Васільевіч, калі праязджаем праз пачынаючую зарастаць травой кукурузу. І аўтаматычна дадаецца новая справа ў бясконцы спіс.
А тым часам у КСУП “Палессе” і рэканструкцыя будынкаў ідзе. Дарэчы, на гэту справу вылучана 100 млн. рублёў. Зараз у гаспадарцы тры фермы: у населеных пунктах Палессе, Барсукі і Балсуны. На апошняй за вылучаныя грошы вядзецца рамонт даху. “На прылягаючай тэрыторыі МТФ работы таксама хапае: агароджу замяніць, ямы заруйнаваць, увогуле прывесці ўсё ў належны стан,” – дзеліцца бліжэйшымі планамі на лета кіраўнік. Акрамя таго, у Палессі будуюцца два хлявы з беспрывязным утрыманнем. На зімоўку мяркуюць менавіта сюды паставіць жывёлу. Грошай, безумоўна, катастрафічна не хапае. І без таго небагатае сельгаспрадпрыемства вымушана максімальна эканоміць. Зараз у рацыён БРЖ дадаецца патака, і толькі ў гэтым сельгаспрадпрыемстве яна ў вадкім выглядзе – больш танная.
Адміністрацыйны будынак тут славіцца сваёй “арыгінальнасцю”. У гэтай гаспадарцы ён так і застаўся драўляным. У няўтульных кабінетах амаль аднолькава холадна і зімой, і летам. А як жа інакш, будынак яшчэ з 1959 года. Тут капітальны рамонт катастрафічна патрэбны, а на самай справе касметычны – у дэфіцыце. Ды ўвогуле, рэканструкцыя ва ўсёй гаспадарцы не пашкодзіць. Час жыць па-новаму – і змена кіраўніцтва якраз дарэчы. Дырэктару не хапае часу, каб губляць яго на дробязі, трэба гаспадарку “падымаць”. А ўласны кабінет пачакае. На некалькі хвілін затрымацца, прагледзець зводкі, дакументы і зноў на вытворчую тэрыторыю. Маршруты разнастайныя. Не за гарамі ж і перыяд збору ўраджаю. Да традыцыйных культур далучылася і непрывабная тут. У гэтым годзе пасадзілі бульбу. Раней некалькі гадоў запар у гаспадарцы ўвогуле гэта не практыкавалася, неўраджайная, маўляў, тут згаданая культура. “У пераходны перыяд – гэта культура выратаванне. Упэўнены, нешта атрымаецца. Не можа такога быць, каб «другі хлеб» у Палессі не ўрадзіў. Проста догляд яму патрэбны дастойны”, – лічыць Іван Васільевіч. Яго аптымізм зараз – асноўны сродак выратавання ў многіх складаных сітуацыях, галоўнае, каб ён перадаваўся і іншым. А далей час пакажа…
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика