Бібліятэка на колах спяшаецца да чытачоў

Пасля доўгага перапынку з-за каранавіруса бібліёбус цэнтральнай раённай бібліятэкі аднавіў выезды на вёску, дзе знаёмую машыну ўжо зачакаліся кнігаманы. На гэты раз маршрут пралягаў праз Покаць, Пехцерава, Чырвоны Бераг. Пачуўшы гукавы сігнал, людзі выходзілі з хат, агародаў і неслі на замену мастацкую літаратуру, перыядычныя выданні. Асобныя бралі па 6-10 экзэмпляраў, каб назапасіцца да наступнага разу. У Ганны Ціцянковай з Чырвонага Берага трое дзяцей. Маленькая Сонечка сама выбірае тое, што ёй даспадобы. Гэта кнігі з яркімі малюнкаміілюстрацыямі. А вось яе бацькі аддаюць перавагу раманам і дэтэктывам.

Аляксандр Геўрасёв

Наогул жа ў населеным пункце жывуць адны з самых актыўных чытачоў раёна – 36 чалавек. Сярод іх Пётр і Марыя Дзегцяровы, а таксама вартаўнік леспрамгаса Міхаіл Новікаў. «Міхаіл Васільевіч ўсю нашу бібліятэку перачытаў. Нават не ведаю, што яму прапанаваць», – усміхаецца загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай райбібліятэкі Таццяна Крыжанкова.

Чачаранін Уладзімір Канавалаў з малых гадоў пасябраваў з кнігай. У дзяцінстве ён сачыў за раеннем пчол. Вартуючы больш за 20 домікаў, бавіў час за чытаннем. З гадамі яго хатняя бібліятэка папаўнялася, а зараз ужо не карыстаецца попытам. Таму мужчына вырашыў ахвяраваць больш за 50 кніг цэнтральнай бібліятэцы.

У Пехцераве на парозе хаты Аляксандра Геўрасёва першым сустрэў перасоўную бібліятэку шчанюк Барсік. Ён стрымгалоў кінуўся да людзей і пачаў лашчыцца каля ног. Пакуль яго гаспадар пераглядваў ваенную літаратуру, Барсіка гладзілі па галоўцы і песцілі. Дарэчы, Аляксандр – інвалід 3 групы, жыве з дзядзькам Віктарам Пятровічам, які летам прыязджае на малую радзіму з Гомеля. Днём мужчына займаецца гаспадаркай, даглядае пчол. А вечарам за квартай гарбаты са свежым мядком няблага і кніжку пагартаць, ці прагледзець раённую газету. Між іншым, «Чачэрскі веснік» тут паважаюць і пра ўсе цікавыя падзеі Чачэршчыны з ахвотай даведваюцца са старонак раённага сродка масавай інфармацыі.

Вадзіцель Аляксандр Мядзведскі 5 гадоў за рулём бібліятэчнай тэхнікі. Перад гэтым, скончыўшы БудаКашалёўскі сельскагаспадарчы тэхнікум, працаваў у былой сельгасхіміі, на вінаробчым заводзе. А калі прапанавалі перасесці на бібліёбус, пагадзіўся. Машына ў эксплуатацыі 10 гадоў, але яе тэхнічны стан, дзякуючы добраму догляду, дазваляе трымаць хуткасць, забяспечвае надзейнасць матора. Некалькі разоў на месяц перасоўная бібліятэка выязджае да аматараў чытання. Іх усіх Аляксандр ведае па прозвішчы, чым вяскоўцы захапляюцца і дзе працуюць. З кожным размаўляе, цікавіцца жыццём. У дождж і сонечнае надвор’е ён дастаўляе людзям радасць на колах

За бягучы перыяд года бібліёбус выязджаў на вёску 5 разоў, кнігавыдача склала звыш 500 экзэмпляраў, агульная колькасць чытачоў – 237 чалавек. Гэта тыя, каму тэлевізар і інтэрнэт не заменяць друкаванае слова, магчымасці задаволіцца ў вольны час добрым раманам ці захапляльным прыгодніцкім сюжэтам. Прычым абслугоўванне вяскоўцаў – бясплатнае.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика