Эдуард Ханок: «Я адкрыў галоўны закон жыцця і хачу пра тое расказаць іншым»

Імя Эдуарда Ханка добра вядома ў Расіі і Беларусі. Яго кампазіцыі не раз гучалі на фінальных выступленнях «Песні года» яшчэ ў СССР. А творы геніяльнага музыканта выконвалі зоркі першай велічыні. Чым сёння жыве і над чым працуе мэтр беларускай эстрады, пытаемся ў народнага артыста.

– Хоць я і адышоў ад прафесійнай кампазітарскай дзейнасці, але прымаю заказы і, скажу шчыра, працую па 24 гадзіны ў суткі, – гаворыць кампазітар. – Спадзяюся ў хуткім часе завяршыць сваю асабістую тэорыю «творчых хваляў». Таксама пішу споведзі. Адна, пра анкалагічныя захворванні, блізкая да завяршэння. Ведаеце, я адкрыў галоўны закон жыцця, і хачу пра тое расказаць іншым.

– Эдуард Сямёнавіч, Вашы песні займелі ганаровае месца ў рэпертуарах зорак савецкай і сучаснай эстрады, у тым ліку Алы Пугачовай, Льва Лешчанкі, Эдуарда Хіля і такіх калектываў, як «Верасы», «Песняры», «Самацветы». І, сказаць па шчырасці, уся слава – за імі. Што ж застаецца Вам?

– На жаль, гэта так. Звычайна кампазітар знаходзіцца за шырмай поспеху. Але я прымаю гэта і ўпэўнены, што мае песні – лепшыя дасягненні пасля славы артыста. Вось ужо 50 гадоў у народзе гучыць мелодыя песні «Потолок ледяной, дверь скрипучая…» І я гэтым ганаруся. А ўсімі любімая «А я лягу-прылягу»! Я перасягнуў за дзявяты дзясятак і лічу, што для людзей такога ўзросту самае важнае – павага. А для мяне яшчэ – калі мае песні ўспрымаюць з душой, у тым ліку аўтарскія. Таму выступаю перад публікай з уласнымі. Аднак магу выканаць і нешта з сучасных хітоў. Гэта духоўна падмацоўвае. Мабыць, за тое у мой гонар у адным са сквераў Брэста ўсталявалі лаўку, а каля Беларускай дзяржфілармоніі пасадзілі елку.

– Вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

– Самым шчаслівым у свеце, бо прафесія кампазітара вельмі папулярная і прэстыжная. Аднак з цягам часу папулярнасць губляецца. Скажам, адыходзяць у гісторыю Міхаіл Шаінскі, Аляксандра Пахмутава. І тое ні добра, ні дрэнна. Гэта заканамерна. Не варта шкадаваць, што твой зорны час застаўся ў мінулым. Трэба рызыкнуць рэлізавацца ў нечым іншым. Я паспрабаў сябе ў розных накірунках: першую палову жыцця пісаў класічную музыку, другую – песенную, а зараз займаюся навукай. І застаюся, што называецца, у трэндзе.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика