Акадэмія навук Беларусі праводзіць творчы конкурс «За што я люблю родную зямлю»
У 2020 годзе завяршаецца трэці год, які па рашэнні Прэзідэнта быў абвешчаны ў нашай краіне Годам малой радзімы. За тры гады ў рэспубліцы былі праведзены тысячы мерапрыемстваў па развіцці і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, па павышэнні ўзроўню культуры і духоўнасці беларускага народа, захаванні мясцовых традыцый, адметных рыс побыту народа, яго этнаграфічнай культуры і мовы.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць агульнарэспубліканскую творчую акцыю «За што я люблю родную зямлю». Жыхарам гарадоў і вёсак Беларусі прапаноўваюць стварыць творчыя працы, у якіх будуць адлюстраваны дасягненні ў развіцці рэгіёнаў, увасоблены пачуцці гонару за сваю малую радзіму і любоў да яе гераічнага мінулага і славутага цяперашняга.
Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца арыгінальныя эсэ, вершы, апавяданні, нарысы і іншыя творчыя працы, напісаныя на беларускай мове аднаасобна або ў суаўтарстве, якія раней не прадстаўляліся на конкурсы і не публікаваліся. Прапануемыя тэмы: «За што я люблю свой край», «Мова маёй малой радзімы», «Родная зямля – крыніца натхнення», «Квітней, мая радзіма!»
У работах трэба абавязкова ўказваць адукацыю, узрост, месца работы аўтара. Аб’ём творчых работ – да 10 друкаваных старонак. Лепшыя працы будуць апублікаваны асобным зборнікам. Вынікі конкурсу будуць падведзены падчас Тыдня мастацкага слова і Дня беларускага пісьменства. Працы дасылаюцца да 20 жніўня на адрас: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 1/2, г. Мінск, 220072, або па электроннай пошце: inlinasbel@tut.by з паметай «конкурс».